Міністр абароны Германіі публічна раскрытыкаваў адміністрацыю Трампа

Барыс Пісторыус / Euroradio
Міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус — бадай што адзіны палітык, які публічна раскрытыкаваў адміністрацыю Дональда Трампа за прагін перад Уладзімірам Пуціным напярэдадні мірных перамоваў па Украіне. Ён пачаў завочную дыскусію з кіраўніком Пентагона Пітам Хэгсетам, які напярэдадні заявіў, што падчас перамоваў не мусяць падымацца пытанні прыёму Украіны ў NATO ці яе вяртання да межаў 2014 года.
"На мой погляд, магчымае сяброўства Украіны ў NATO ці магчымую страту тэрыторыі краінай трэба абмяркоўваць толькі за сталом перамоваў, а не здымаць гэта са стала загадзя", — сказаў Пісторыус на сустрэчы міністраў абароны краін NATO ў Бруселі.
Ён дадаў, што вельмі важна, каб еўрапейцы ўдзельнічалі ў перамовах. І гэта таксама разыходзіцца з тым, што робіць Трамп, плануючы сустрэцца з Пуціным у бліжэйшы час — яшчэ да пачатку мірнага ўрэгулявання канфлікту. NATO дэкларуе, што мэта альянсу — прывесці Украіну за стол перамоваў у як мага больш моцнай пазіцыі. А кулуарныя дамовы прэзідэнта ЗША з кіраўніком РФ гэтаму не спрыяюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.