Міністр культуры Літвы назвала правакацыяй паказ беларускага балета "Вітаўт"

Міністр культуры Літвы назвала правакацыяй паказ беларускага балета "Вітаўт"

У студзені 2018 года Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатр оперы і балета Беларусі плануе паказаць у Вільні балет "Вітаўт". Гэтая культурная падзея ўжо стала нагодай для палітычных заяваў. 

Міністр культуры Літвы Ліяна Руакітэ-Ёнсан назвала дэманстрацыяй "мяккай сілы" і правакацыяй гэты балет і яго прывязку да праграмы стагоддзя аднаўлення дзяржаўнасці Літвы, паведамляе ru.delfi.lt.

У анонсе мерапрыемства паказана, што балет прымеркаваны да стогадовага юбілею незалежнасці Літвы. Самі стваральнікі спектакля падкрэсліваюць, што даюць сваю інтэрпрэтацыю агульнай гісторыі Беларусі і Літвы, а не дакладнае адлюстраванне гістарычных падзеяў.

"Адназначна негатыўна ацэньваю спробу арганізатараў выступу далучыцца да мерапрыемстваў стагоддзя аднаўлення дзяржавы. Звяртаю ўвагу, што гэты выступ ніяк не звязаны з праграмай стагоддзя аднаўлення Літоўскай дзяржавы, больш за тое, не атрымлівае ніякага фінансавання ад міністэрства культуры", — заявіла літоўскі міністр.

Яна дадала, што Літва дэмакратычная краіна, але "арганізацыю такіх мерапрыемстваў проста перад 16 лютага трэба разглядаць як правакацыю".

Балет "Вітаўт" быў пастаўлены ў 2013 годзе. Сёлета ў чэрвені яго паказвалі ў Вялікім тэатры ў Маскве падчас Дзён культуры Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў балет сваёй прэміяй "За духоўнае адраджэнне". 

Літоўскія гісторыкі лічаць, што беларусы прыўлашчваюць сабе князёў Вялікага княства Літоўскага ў якасці сваіх герояў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі