Міністр працы — пра сітуацыю з бацькамі-інвалідамі, у якіх забіраюць дзіця

Міністр працы і сацыяльнай абароны, старшыня Беларускага саюза жанчын Марыяна Шчоткіна 19 жніўня наведала Івацэвічы, перадае БЕЛТА. Сярод іншага яна зазірнула ў Івацэвіцкую цэнтральную раённую лякарню да маладой мамы, інваліда першай групы Ганны Бахур.

Сям'я Бахураў трапіла ў вельмі складаную сітуацыю. Ганна і яе муж — інваліды першай групы. У жанчыны прыроджаная анамалія канечнасцяў, у яе мужа — ДЦП. Пры гэтым муж і жонка самі сябе абслугоўваюць і нават падзарабляюць. Ганна ў вольны час піша карціны, займаецца керамікай, марыць фатаграфаваць.

Нядаўна ў іх нарадзіўся абсалютна здаровы хлопчык. Пасля выпіскі з абласной радзільні жанчыну з дзіцем перавялі ў педыятрычнае аддзяленне Івацэвіцкай лякарні. Мама і дзіця пачуваюцца нармальна, але ім не дазваляюць пакінуць лякарню. Згодна з дакументамі Мінздароўя, людзі з такімі захворваннямі не могуць выконваць бацькоўскія абавязкі. Таму закон патрабуе, надаць хлопчыку статус дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў, і змясціць на дзяржаўнае забеспячэнне. Бацькі з гэтым не згодныя.
Марыяна Шчоткіна ахарактарызавала гэтую сітуацыю як нестандартную, якую трэба разглядаць індывідуальна. Яна падкрэсліла, што Ганна Бахур матываваная на мацярынства і разлучаць яе з дзіцем нельга.

Чыноўніца паведаміла, што яна тэлефанавала міністру аховы здароўя і Васіль Жарко даручыў сваім спецыялістам прыехаць у Івацэвічы ды на месцы ацаніць "ўзровень самастойнасці і валоданне ўсімі функцыямі мужа і жонкі, каб ажыццяўляць догляд дзіцяці". Паралельна прапрацоўваецца пытанне з апекуном.

Рашэнне райвыканкама пра далейшы лёс дзіцяці павінна быць прынята да 5 верасня. Гэты час Ганна з дзіцем будуць знаходзіцца ў асобнай палаце, пад наглядам медперсаналу.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі