Міністра працы прызначылі міністрам аховы здароўя
27 студзеня Аляксандр Лукашэнка прызначыў Валерыя Малашку міністрам аховы здароўя, перадае БЕЛТА.
На гэтай пасадзе Малашка змяніў Васіля Жарко. Той 29 снежня 2016 года быў прызначаны віцэ-прэм'ерам.
Дарэчы, 43 дні таму, 15 снежня 2016 года, Малашка быў прызначаны міністрам працы і сацыяльнай абароны. Тады рашэнне прымаў таксама кіраўнік дзяржавы.
Атрымоўваецца, што 15 снежня Аляксандр Лукашэнка яшчэ не збіраўся прызначаць Васіля Жарко на пасаду віцэ-прэм'ера. Іначай было б лагічным прызначыць Малашку, які мае медыцынскую адукацыю, адразу на пасаду міністра аховы здароўя.
Малашка нарадзіўся ў 1966 годзе ў Гродне. Ён скончыў Мінскі дзяржаўны медінстытут па спецыяльнасці "педыятрыя" і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці "дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай".
Да прызначэння міністрам працы ён са студзеня 2009 года працаваў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама.