Мінск адзначае Дзень горада

Адметнасцю цяперашніх святкаванняў стаў перанос цэнтральных мерапрыемстваў у Верхні горад, які хутка будзе пешаходным, інфармуе БелаПАН. Гарадскія ўлады вырашылі адмовіцца ад вялікіх сцэнічных пляцовак каля Палацу спорту і ў парку Горкага. Пры гэтым асноўныя блокі, тэмы свята правядуць у раённых зонах — Лошыцкім парку, парку імя Паўлава, студэнцкай вёсцы.


У Верхнім горадзе 14 верасня рэканструююць эпоху канца XVIII — пачатку ХІХ стагоддзяў: тут будуць музыкі, рамеснікі, жывыя карціны, мастакі. На Ратушнай плошчы правядуць праграму завяршэння музычна-турыстычнага сезону. У скверы разгорнецца кніжная выстава беларускіх аўтараў. Увечары выступіць Нацыянальны канцэртны аркестр пад кіраваннем Міхаіла Фінберга.



На праспекце Пераможцаў, на зялёнай зоне паміж абеліскам і Палацам спорту, пройдзе фестываль гістарычнай рэканструкцыі “Мінск гістарычны” — удзельнікі перададуць атмасферу шляхетнага сярэднявечнага рыцарства.



На пешаходнай вуліцы Карла Маркса адбудзецца закрыццё фестывалю вулічных тэатраў Беларусі і бліжняга замежжа. Удзельнікі пройдуць ад Міхайлаўскага скверу па вуліцы карнавальным шэсцем. Свята будзе доўжыцца два дні — 14 і 15 верасня.



У Лошыцкім парку адбудзецца свята народнай творчасці, выстава-кірмаш “Горад майстроў”, а таксама фестываль “Марожаны бум” з удзелам усіх вытворцаў марожанага Беларусі.



У парку імя Горкага 14 верасня пройдзе фестываль нацыянальных культур. Дзіцячыя праграмы арганізуюць на пляцоўцы ля Палацу дзяцей і моладзі, Дзіцячай чыгункі і ва ўсіх парках.

Фота: bnp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі