“Мінск-Мір”: з цэнтра Мінска пераселяць 15,5 тысяч чалавек (карта)
Падчас будаўніцтва комплексу на месцы аэрапорта “Мінск-1” плануюць знесці каля 100 жылых дамоў. Не выключана, што людзей паселяць у гэтым жа раёне.
Праект “Мінск-Мір” замест “Мінск-сіці” на месцы першага мінскага аэрапорта хочуць пабудаваць за 5 гадоў. Такія падлікі ў кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Аляксандра Косінца. Праект будзе ўключаць жылыя дамы, забаўляльныя і адукацыйныя ўстановы. Будаваць “Мінск-Мір” будуць сербскія інвестары “Дана-Астра”. Кошт праекта — 3,5 мільярда долараў.
Хто пацерпіць
Пад знос пойдуць каля 100 жылых дамоў, а перасяляць давядзецца 15,5 тысяч чалавек, па словах Аляксандра Косінца. Але некаторыя могуць застацца жыць у гэтым жа раёне, паведамляе Еўрарадыё міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны.
Анатоль Чорны: “Ні ў якім разе не варта пакрыўдзіць людзей, якія там жывуць. Мы зараз будзем глыбока гэтым займацца з боку міністэрства. Колькасць і месцы рассялення будуць залежаць ад таго, якія будуць кватэры. Ёсць магчымасць вярнуцца ў той самы раён, пра гэта казаў і Аляксандр Косінец”.
Таксама знясуць адміністрацыйныя будынкі і гаражы. Жылыя дамы — у апошнюю чаргу, абяцаюць інвестары ў “Дана-Астра”:
“У першую чаргу адсяляюць адміністрацыйныя будынкі, другая чарга — гаражы і трэцяя — жылыя дамы, якія ідуць пад адсяленне. Цяпер у нас адміністрацыйныя будынкі. Цяпер эскізны план забудовы ў Камітэце архітэктуры і будаўніцтва на ўзгадненні. Як толькі ўзгадняюць, ён з’явіцца ў адкрытым доступе”.
Пры гэтым вызваленнем пляцоўкі пад забудову будуць займацца гарадскія ўлады. Яны ж будуць шукаць і новае жыллё для тых, чыя дамы патрапяць пад знос.
Што пабудуюць
Пад забудову трапляе плошча ў межах вуліц Вірская, Кіжаватава, Аэрадромная, Брылеўская, 3-е гарадское кальцо. Забудоўшчыкі таксама мусяць узвесці школу на 920 месцаў і дзіцячы садок на 230 месцаў, што вынікае з Указа прэзідэнта, які падпісаны летась у верасні.
Таксама інвестары плануюць пабудаваць 1,8 мільёнаў квадратных метраў жылля. Для параўнання, у 2015 у Беларусі плануюць пабудаваць толькі 1,6 мільёна льготных квадратных метраў, а таксама Міжнародны фінансавы цэнтр. Зносіць будынак аэрапорта не будуць, бо ён з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Гісторыя праекта
Раней праект забудовы на месцы першага мінскага аэрапорта называўся "долевы цэнтр “Мінск-Сіці”". Тут ужо паспелі збудаваць чатыры дамы: два 19-павярховыя і 2 дзесяціпавярховыя каля Германаўскага завулка. 18 траўня 2007 года была ўхваленая канцэпцыя будаўніцтва “Мінск-Сіці”. Пасля агульны аб'ём чаканых інвестыцый скараціўся да 7 мільярдаў, а затым — да 5 мільярдаў. Будаўніцтва мусіла пачацца спачатку ў 2008 годзе, пасля ў 2009, але так і не пачалося. Планавалася, што расійскія інвестары “Ітера” пабудуюць тут гасцініцы, жылыя дамы, дзіцячыя садкі, школы. У 2012 годзе дамова з інвестарамі была разарваная з-за затрымкі будаўніцтва. Цяпер праект называецца “Мінск-Мір”, а інвестарам выступае сербская кампанія.
Схематычны план забудовы
Фота: news.tut.by