Мінскае "Дынама" прайграла ПАОК — 0:2 (відэа)
Апошні хатні матч Лігі Еўропы сталічны клуб правёў 27 лістапада на "Барысаў-Арэне".
У чацвер, 27 лістапада, мінскае "Дынама" правяло ў Барысаве матч 5-га тура групавога раўнда футбольнай Лігі Еўропы з ПАОК з Грэцыі. Пасля разгрому ў гасцях з лікам 1:6 мінчукі хацелі рэабілітавацца і мелі шанцы, якія рэалізаваць не здолелі. Госці ж выкарысталі два моманты і, карыстаючыся памылкамі абароны гаспадароў поля, забілі галы на 83-й і 88 хвілінах, двойчы вызначыўся Атанасіядзіс.
"Дынама" гуляла ў наступным складзе: Ігнатовіч, Карповіч, Канцавы, Паліцевіч, Вераціла, Нікаліч, Сімавіч, Адамавіч, Удоджы (Яроцкі, 74), Стасевіч (капітан), Джа Джэджэ (Дыямандэ, 80).
Нагадаем, у пяці гульнях мінчукі ўзялі толькі адно ачко. Апошні матч групавога раўнда "Дынама" правядзе 11 снежня ў гасцях з італьянскай "Фіярэнцінай", якая сёння ў гасцях абыграла французскі "Генгам" — 2:1.
Група "К": Фіярэнціна — 13 ачкоў, Генгам — 7, ПАОК — 7, Дынама (Мінск) — 1.
Фота — Fotolia