Мінская турфірма: Калі расіяне чуюць нашы кошты на Егіпет, адразу адмаўляюцца

Мінская турфірма: Калі расіяне чуюць нашы кошты на Егіпет, адразу адмаўляюцца

Пры гэтым аператары адзначаюць, што кошты на адпачынак у Егіпце рэзка знізіліся — за тур можна заплаціць нават на 1000 долараў менш.

Расійскія СМІ лямантуюць — пасля забароны авіярэйсаў з Расіі ў Егіпет масквічы і іншыя расіяне ламануліся ў Мінск за турамі. Еўрараыё правярае, што адбываецца насамрэч.

 

Расіянам беларускія прапановы не па кішэні

“Так, я разумею, пра што вы пытаецеся. Але ў нас кошты практычна ўдвая вышэйшыя. Былі людзі, якія насамрэч зацікавіліся. З Масквы. Мы ім падбіралі варыянты, для нас танныя. І ўсе іх патрабаванні мы маглі задаволіць — пяць зорак, першая берагавая лінія, усё. Але калі яны чуюць кошты, то адразу адмаўляюцца”, — расказваюць ў кампаніі “Орыс трэвэл”.

Там жа дадаюць, што цікавасць да адпачынку ў Егіпце сёлета зніжаецца і ў беларусаў. Ці то дорага стала, ці то страшна, але факт — пра туры ў Егіпет у гэтай турфірме пытаюцца ўсё менш і менш.

Мінская турфірма: Калі расіяне чуюць нашы кошты на Егіпет, адразу адмаўляюцца

Усе самалёты "Белавіа" ў Егіпет супрaваджае інспектар па бяспецы

Беларускі перавозчык прыняў дадатковыя меры бяспекі. Так, пасля крушэння расійскага авіялайнера на ўсіх самалётах, якія вылятаюць у Егіпет, сталі прысутнічаць інспектары па авіяцыйнай бяспецы. Раней яны былі на рэйсах выбарачна.

“Людзі баяцца ехаць”

“Так, ёсць такое. Тэлефануюць масквічы і цікавяцца турамі менавіта з Мінска. Ёсць такая з’ява”, — пацвярджаюць інфармацыю расійскіх газет у кампаніі “Ківі трэвэл”.

Сакратарка расказвае, што выбіраюць расіяне прапановы з вылетам з Мінска і Кіева — іншых варыянтаў для іх пакуль няма і невядома, калі з’явяцца. І дадае, што агулам сітуацыя на рынку, нягледзячы на рост попыту з Масквы, не вельмі аптымістычная. Кліентаў менш. Іх не спакушае нават рэзкае падзенне коштаў:

“Ну як вам сказаць… Нават, думаю, кошты на Егіпет знізіліся. Гэта адназначна. Але не праз павышаную цікавасць ў боку расіян… Якія кошты? Ну вось, за адзінаццаць сутак 1300 долараў — гэта будзе вельмі добры гатэль. Цудоўны. Які раней каштаваў 2200”.

На думку супрацоўнікаў турфірм, падзенне цікавасці да Егіпта звязанае з банальным страхам. “Гэта не сезонная з’ява. Людзі проста баяцца туды ехаць”, — кажуць у “Ківі трэвэл”.

Мінская турфірма: Калі расіяне чуюць нашы кошты на Егіпет, адразу адмаўляюцца

"Белавіа" не плануе адмяняць рэйсы ў Шарм-эль-Шэйх

“У нас пакуль такой інфармацыі ад брытанскіх спецслужбаў няма, — каментуе намеснік дырэктара беларускай авіякампаніі Ігар Чаргінец. — А адмяняць рэйсы праз паведамленні ў СМІ мы не можам. Гэтым пытаннем займаюцца адпаведныя спецслужбы, "Белавія" не можа вырашаць такія пытанні”.

Паводле інфармацыі Расстата, у 2014 годзе ў Егіпце адпачывалі 2,6 мільёна расіян. Аднак не факт, што усе яны будуць гатовыя паехаць туды праз Мінск. Такі маршрут можа каштаваць на 20-100% даражэй, чым традыцыйны чартар з Масквы ці Пецярбурга.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі