Мінскі чыгуначны вакзал могуць зрабіць двухбаковым (фота)

У Мінску чыгуначны вакзал могуць зрабіць двухбаковым, а тэрыторыя вакол яго кардынальна зменіцца. Паводле новага плана, вакол дыспетчарскай станцыі “Дружная” з’явіцца цэлы шэраг новых аб’ектаў. Прапанова перабудовы была ініцыявана ў тым ліку з-за будаўніцтва новай галіны метро і з-за пашырэння маршрутаў гарадскіх электрычак, паведамляе інфармацыйны партал minsknews.by.

Паводле праекта запланавана таксама будаўніцтва дадатковых чыгуначных пуцей і платформаў. Будынак чыгуначнага вакзала стане двухбаковым за кошт новага корпуса, узвядзенне якога запланавана за цяперашнімі пуцямі ў раёне дыспетчарскай станцыі “Дружная”. Для пешаходнай сувязі двух вакзальных карпусоў падоўжаць залу чакання па-над пуцямі і платформамі.

Зменіцца і сама плошча ля дыспетчарскай станцыі. Там з’явіцца выхад са станцыі метро “Вакзальная” і шэраг новых аб’ектаў. У раёне вуліцы Рабкораўскай плануецца ўзвесці гандлёва-абслуговы цэнтр “Мінск Сіці Мол”. На скрыжаванні вуліцы Магілёўскай і вуліцы Жукоўскага, насупраць сховішча Нацыянальнага банка, можа з’явіцца буйны адміністрацыйны корпус. Запланаваны таксама два пуцеправода над вуліцай Талстога: на яе скрыжаванні з вуліцамі Суражскай і Праектуемай, гэта значыць па абодва бакі існуючай чыгуначнай галіны.

Такія радыкальныя перамены, вядома, запатрабуюць сур’ёзных выдаткаў, а таму вызначаны этапы асваення тэрыторыі. На першым (да 2020 г.) закладваецца будаўніцтва ўчастка трэцяй лініі метро і гандлёва-забаўляльнага цэнтра "Мінск Сіці Молі". Астатнія рашэнні плануюцца на больш позні перыяд пры наяўнасці інвестыцыйных магчымасцяў.

Прэзентацыя праекта адбудзецца 25 чэрвеня ў 18.30 у актавай зале сярэдняй школы № 1 (вуліца Чкалава, 3а). Грамадскае абмеркаванне будзе доўжыцца да 11 ліпеня. Азнаёміцца з праектнымі матэрыяламі можна ў холе адміністрацыі Кастрычніцкага раёна з панядзелка па суботу з 9.00 да 18.00.

Фота: minsknews.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі