Мінскі гарсуд разгледзіць пытанне аб прымусовым лячэнні ўдавы Андрэя Зельцэра

Марыя Успенская / Фота з сацсетак
Марыя Успенская / Фота з сацсетак

Пытанне аб прымусовым лячэнні Марыі Успенскай, удавы Андрэя Зельцэра, разгледзіць сёння Мінскі гарадскі суд. Пра гэта паведамляе БЕЛТА.

Судовае пасяджэнне па гэтым пытанні вырашылі зрабіць закрытым. Калі суд палічыць, што ў Марыі ёсць псіхічнае расстройства, то ў дачыненні да яе ўжывуць прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Варыянты лячэння залежаць ад ступені расстройства. Гаворка можа ісці пра прымусовае амбулаторнае назіранне ў доктара-спецыяліста або прымусовае лячэнне ў стацыянары са звычайным, узмоцненым або строгім наглядам.

Нагадаем, Марыю Успенскую абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка (ч. 2 арт. 139 КК РБ). Яе затрымалі адразу пасля перастрэлкі ў іх кватэры, у выніку якой, акрамя Федасюка, загінуў і яе муж, IT-спецыяліст Андрэй Зельцэр. Гэта адбылося ў канцы верасня 2021 года.

Нагадаем, у той дзень сілавікі, паводле версіі КДБ, адпрацоўвалі адрасы, дзе "маглі знаходзіцца асобы, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці". У кватэры Зельцэра дзверы ім не адчынілі. А калі супрацоўнікі КДБ у цывільным уварваліся ў кватэру і гаспадар стрэліў у іх з паляўнічай стрэльбы, сілавікі адкрылі агонь у адказ. Марыя знаходзілася ў кватэры і здымала тое, што адбываецца, на тэлефон. Пазней у СК паведамілі, што Успенская "праводзіла відэаздымку злачынства і садзейнічала яго здзяйсненню", таму яе затрымалі па падазрэнні ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ.

І Зельцэру, і Федасюку быў 31 год.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі