Мінскі студэнт асуджаны ў пяты раз: агульны тэрмін арышту — 71 суткі
Студэнт БДУІР 21-гадовы Ян Салановіч асуджаны ў пяты раз: агульны тэрмін адміністрацыйнага арышту — 71 суткі. А маці хлопца мяркуе, што агулам гэты тэрмін можа быць яшчэ большым, паведамляе spring96.org.
Салановіч удзельнічаў у акцыях пратэсту, быў затрыманы 1 лістапада на маршы ў Курапаты. Маці студэнта кажа, што на яго маглі аказаць ціск, бо ён нібыта прызнаўся аж у 15 эпізодах удзелу ў мітынгах, пачынаючы са жніўня 2020-га. Вядома, што 2 лістапада хлопец атрымаў 12 сутак арышту, 5-га, 10-га і 18-га — яшчэ па 15 сутак, 26 лістапада — 14 сутак арышту. Магчыма, будуць яшчэ чатыры суды. Маці студэнта не выключае, што сын выйдзе на волю толькі вясной наступнага года.
TUT.by паведамляе, што ў верасні 2020-га Ян Салановіч уладкаваўся на палову стаўкі ў навукова-тэхнічны цэнтр КДБ. Маці мяркуе, што яго парэкамендавалі як адказнага студэнта. Але ў гэты час ён ужо ўдзельнічаў у пратэстах. "Выходзіць на маршы сын вырашыў сам", — кажа маці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.