Мінскія вуліцы названыя ў гонар дзеяча БНР і чэкіста-дыверсанта

Мінскія вуліцы названыя ў гонар дзеяча БНР і чэкіста-дыверсанта

У Мінску зацверджаныя назвы для некалькіх новых вуліц. На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаванае адпаведнае рашэнне Мінскага гарадскога савета (№ 49 ад 29 траўня 2018-га). Праектуемая вуліца ў межах Партызанскага праспекта, вуліц Куляшова і Шышкіна атрымала імя "пагранічніка, Героя Савецкага Саюза Яўгена Міркоўскага". Ён — асоба вядомая, падчас нямецкай акупацыі быў камандзірам савецкай разведвальна-дыверсійнай групы на тэрыторыі Украіны і Беларусі. Пасля вайны ваяваў з "ляснымі братамі" (яго спецатрад дзейнічаў пад выглядам "банды"), працаваў на кіраўнічых пасадах у МДБ (КДБ).

Яшчэ адна праектуемая вуліца — ад вуліцы Янкі Лучыны да вуліцы Чыжэўскіх — атрымала імя Аркадзя Смоліча, выдатнага беларускага навукоўца, аўтара "Геаграфіі Беларусі", дзеяча БНР, ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Яшчэ ў 2016 годзе з прапановай назваць адну з вуліц сталіцы ў гонар Смоліча да сталічных уладаў звярталася Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

Таксама праектаваныя вуліцы атрымалі імёны кампазітара Уладзіміра Алоўнікава (ад Ігуменскага тракта да вуліцы Чыжэўскіх), паэта Алеся Дудара, ахвяры сталінскіх рэпрэсій (ад Ігуменскага тракта да будучай вуліцы Смоліча). Пешаходная зона ад Свята-Духавага кафедральнага сабора да вуліцы Максіма Багдановіча названая "Козьма-Дзямянаўскі спуск". Парк у межах завулка Казлова, вуліцы Даўгабродскай і Сляпянскай воднай сістэмы названы ў гонар Аляксандра Герасіменкі, беларускага дзяржаўнага дзеяча. Парк у межах вуліц Пляханава, Ванеева і Райніса атрымаў імя Чынгіза Айтматава, класіка рускай і кыргызскай літаратуры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі