Мінспорту з-за палітыкі забараніла 8 футбалістам удзельнічаць у матчах — Трыбуна

Міністр спорту Сяргей Кавальчук і "непажаданыя" футбалісты / t.me/tribuna_by/
Міністр спорту Сяргей Кавальчук і "непажаданыя" футбалісты / t.me/tribuna_by/

Мінспорту Беларусі з-за палітыкі забараніла 8 футбалістам удзельнічаць у матчах, піша "Трыбуна" са спасылкай на свае крыніцы. Чацвёра з іх — з гродзенскага "Нёмана":  брамнік Сяргей Курганскі, абаронца Яўген Ляшко, паўабаронцы Раман Пасевіч і сапраўдная легенда каманды Валерый Жукоўскі. У 2020-м яны на відэа сказалі "Мы супраць гвалту!" і цяпер трапілі ў чорны спіс міністра спорту Сяргея Кавальчука. Згаданыя футбалісты трэніруюцца з "Нёманам", але ў кубкавым матчы з "Віцебскам" 5 сакавіка не згуляюць.

Яшчэ чацвёра футбалістаў з чорнага спіса Кавальчука — са "Слуцка": брамнікі Ілля Бранавец і Павел Шчарбачэня, абаронцы Яўген Вялько і Юрый Астравух. З імі ці скасаваныя, ці не заключаныя кантракты. Астравух у запісе відэа ў 2020-м не ўдзельнічаў, а ў спіс трапіў найхутчэй з-за актыўнасці аднаго са сваякоў. Ён, дарэчы, адзіны з чацвёркі, хто паспеў перазаключыць кантракт да атрымання "Слуцкам" распараджэння звольніць "непажаданых". Ад помсты таталітарнай сістэмы не выратаваў нават удзел некаторых з іх у праўладных мерапрыемствах.

Цяпер па факце ўсе восем футбалістаў — беспрацоўныя, адзначае выданне.

У чорным спісе Мінспорту ёсць і футбалісты іншых каманд. У БАТЭ гэта Станіслаў Драгун, Максім Бардачоў, Дзмітрый Бяссмертны, Дзяніс Шчарбіцкі і Даніла Нячаеў. Ім таксама могуць не дазволіць гуляць у Беларусі. І клубы, і самі апальныя футбалісты чакаюць рашэння так званай "камісіі". Калі яна збярэцца і прыме рашэнне, невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі