Мінтранс — пра праблемы беларускіх перавозчыкаў у Казахстане
Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі пракаментавала ўзніклыя праблемы ў беларускіх перавозчыкаў у Казахстане. Чыноўнікі заклікаюць "выконваць патрабаванні яго нацыянальнага заканадаўства", вывучаць адпаведныя дакументы.
З красавіка 2022-га краіны Еўрасаюза забаранілі грузаперавозчыкам на зарэгістраваных у Беларусі і Расіі аўтамабілях перавозіць грузы па сваёй тэрыторыі. Пачалі рабіцца спробы абыходзіць санкцыі, у тым ліку і з выкарыстаннем Казахстана.
Улады Беларусі забаранілі аўтаперавозчыкам з Еўрасаюза уезд у нашу краіну. Але прапанавалі схему з перачэпкай і перагрузкай тавараў у спецыяльных кропках каля мяжы. А заканадаўства Казахстана не дапускае перавозкі тавараў з трэціх краін з выкарыстаннем такой схемы.
Мінтранс Беларусі паведамляе, што забарона Казахстана дзейнічае з 2017 года і не была прынятая ў адказ на пастанову ўрада РБ ад 22 красавіка 2022-га "Аб перамяшчэнні транспартных сродкаў". Мінск раней дамагаўся адмены гэтай забароны і будзе працягваць гэта рабіць, абяцаюць чыноўнікі. Грузаперавозчыкаў пераконваюць, што ўрад Беларусі не вінаваты, гэта казахі "прадбачылі" цяперашнюю сітуацыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.