Мінздароўя будзе сачыць, каб дактары выпісвалі беларускія лекі

Міністэрства аховы здароўя выдала загад, якім прызначае поўны кантроль за тым, выпісваюць ці дактары беларускія лекі. Адпаведны маніторынг, як піша tut.by, будзе праводзіцца штомесяц. Справаздачы пра тое, ці выпісваюць дактары айчынныя лекі, будуць даваць аптэкі, якія знаходзяцца ў крокавай даступнасці ад цэнтральных паліклінік, лякарняў, дыспансераў.

Згодна з дакументам, у кожнай установе, якая займаецца аховай здароўя, прызначаць чалавека, які будзе адказваць за працу з прадстаўнікамі беларускіх фармацэўтычных прадпрыемстваў. Кожны тыдзень на нарадах лекарам будуць паведамляць пра беларускія лекі, якія ёсць у аптэках. Акрамя таго, будзе вывучацца, ці прызначалі пацыентам беларускія лекі пры кансультацыях і пры выпісцы з лякарняў.

Мінздароўя загадвае не толькі выпісваць беларускія лекі, але і прыбраць лагатыпы замежных вытворцаў лекаў з працоўных месцаў.

За папулярызацыю беларускіх лекаў медычныя ўстановы абяцаюць стымуляваць (даваць таварную зніжку і г.д.).

Фота — belinvestpharma.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі