"Не трэба Еўропы": Мінздароўя патлумачыла, чаму ў хірургі часцей бяруць хлопцаў
Дактары / Christopher Furlong / Getty Images
"Чаму на некаторыя спецыяльнасці медуніверсітэта жанчын прымаюць менш, чым мужчын?" — такое пытанне збянтэжыла чытачоў Еўрарадыё пасля чытання загаду Міністэрства аховы здароўя №879 "Аб арганізацыі навучання ў субардынатуры".
"Для профіляў субардынатуры хірургічнага профілю па спецыяльнасцях вышэйшай адукацыі "Лекавая справа", "Педыятрыя" колькасць месцаў вызначаецца асобна для студэнтаў мужчынскага полу і студэнтаў жаночага полу", — напісана ў дакуменце.
Напрыклад, на профіль "Анестэзіялогія і рэаніматалогія" БДМУ ў новым навучальным годзе дзяржава вылучыла 40 месцаў для мужчын і 20 для жанчын, 39 і 31 адпаведна — на спецыяльнасць "Хірургія". Аналагічныя гендарныя квоты на прафесію існуюць і ў іншых беларускіх медыцынскіх ВНУ.
“Гэтыя квоты былі заўсёды, але негалосна. Хлопцаў у медзе заўсёды больш аблізвалі. Цяпер такая практыка ўзаконеная", — каментуюць сітуацыю ў Twitter.
Што адбываецца і з якога часу гендарная дыскрымінацыя на заканадаўчым узроўні стала нормай?
“Не трэба мне гендарная роўнасць, калі ласка!”
Начальніцы ўпраўлення кадравай палітыкі Міністэрства аховы здароўя Вользе Калюпанавай тэлефануем ад імені абуранай беларускі Таццяны. Гутарка атрымалася проста феерычнай (паслухаць вытрымкі можна тут).
— Чаму жанчын на некаторыя профілі субардынатуры прымаюць менш, чым мужчын?
— Таму што хірургічныя спецыяльнасці...
— Не толькі. Ну і ўсё роўна — чаму? Што, у нас мала моцных жанчын, якія спраўляюцца са сваімі абавязкамі? Ёсць жа выдатныя дактары…
— Ёсць. Ну, акушэрства, гінекалогія — я згодная. Гэта добрыя спецыяльнасці для жанчын. Хірургічныя спецыяльнасці — гэта доля мужчын. Анестэзіялогія і рэанімацыя — у тым ліку.
— А хто такое прыдумаў? Ёсць жа і слабыя мужчыны. Калі хлопец худзенькі, напрыклад, фізічна нямоцны? Што тады?
— Мы не гаворым пра худзенькіх. Нават паказчык добрай паспяховасці — гэта не значыць, што жанчыны [справяцца]. Досвед паказвае, што вельмі многія жанчыны праз паўгода інтэрнатуры просяцца з анестэзіялогіі ў тэрапеўтычныя спецыяльнасці. Пры гэтым яны займаюць нечыя месцы — тых жа мужчын, бо ў іх балы былі крыху меншыя. Паколькі жанчыны руплівей вучацца, яны лунаюць у аблоках, думаючы, што анестэзіялогія — гэта жаночая спецыяльнасць. Не, гэта мужчынская спецыяльнасць.
— Дык розныя жанчыны бываюць. Гэта несправядліва!
— Розныя. Вось для самых адораных мы і пакінулі месцы. Для найлепшых з найлепшых.
— Як на мяне, адбываецца вельмі відавочная, чаканая і ў той жа час жудасная рэч: Беларусь робіцца ўсё больш таталітарнай. У таталітарнай краіне, натуральна, больш і няроўнасці, і дыскрымінацыі. Канкрэтная сітуацыя — адзін з прыкладаў дыскрымінацыі па палавой прыкмеце.
Мы можам разглядаць гэтую гісторыю з двух бакоў: што яна азначае канкрэтна для медыцынскіх ВНУ і як выглядае ў маштабе ўсёй дзяржавы. На жаль, дыктатура ўзмацняецца, і гэта адбываецца не толькі ад таго, што дзесьці сядзіць адзін канкрэтны дыктатар і ўсімі кіруе, але і таму, што некаторыя беларусы яму дапамагаюць. Яны абапіраюцца на логіку першабытнага свету, калі ўменне забіць маманта з аднаго ўдару лічылася сапраўды важнай якасцю: "Ідзе барацьба за месца пад сонцам", "Усіх, каго можна выключыць, — выключаем", "І хай выжыве наймацнейшы"...
У XXI стагоддзі, калі ў чалавецтва з'явіліся магчымасці развівацца, лётаць у космас, думаць, як нам тут выдатна жыць і не забіць планету, частка людзей чамусьці хоча існаваць у рэжыме выжывання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.