Мінздароўя прапануе забараніць продаж алкаголю ўночы

Мінздароўя прапануе забараніць продаж алкаголю ўночы

Міністэрства аховы здароўя прапануе абмежаваць час продажу алкаголю, у тым ліку і піва, з 9-й раніцы да 23 гадзінаў увечары. Абмежаванне мусіць дзейнічаць па ўсёй краіне. Пра гэта са спасылкай на галоўнага нарколага Міністэрства аховы здароўя Івана Канаразава піша TUT.by.

Уночы — з 23:00 да 9:00 — гандляваць алкаголем змогуць толькі кавярні і рэстараны.

Па словах Канаразава, над праектам нарматыўнага акта працуюць, у тым ліку, Міністэрства ўнутраных справаў і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

“Мы разам з МУС адсочвалі статыстычную інфармацыю. Ёсць выразная доказная база, што ў вялікай ступені злачынствы ноччу і познім вечарам звязаны з ужываннем алкаголю. Іх здзяйсняюць ўжо “падпітыя” людзі”, — тлумачыць Іван Канаразаў.

Дзяржаўныя ведамствы рэгулярна прапануюць абмежаваць продаж алкаголю. Часам прапановы застаюцца толькі прапановамі. Так, напрыклад, летась МАРГ планаваў забараніць продаж спіртнога з 22:00 да 9:00. Акрамя таго, антыалкагольны ўказ прадугледжваў, што ў крамах плошчай больш за 400 квадратных метраў для рэалізацыі алкаголю мусілі з’явіцца адмысловыя аддзелы. Аднак той указ пакуль не прыняты.

А вось улетку 2015 года ў Мінску дзейнічалі часовыя абмежаванні на продаж спіртных напояў. З сярэдзіны чэрвеня да канца жніўня алкаголь прадавалі толькі з 9:00 да 22:00. Але пасля нарады, на якой Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў урад за падзенне збыту алкагольнай прадукцыі (і, адпаведна, прыбыткаў бюджэта), “начны сухі закон” адмянілі.

Па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь застаецца адной з самых пітушчых краінаў свету. Летась мы выпілі ў сярэднім па 16,4 літра алкаголю на чалавека. Гэта другое месца ў свеце пасля Літвы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі