Мінздароўя прыпыніла працу сеткі аптэк у Гродне і Лідзе праз высокія цэны
Міністэрства аховы здароўя прыпыніла працу сеткі аптэк у Гродне і Лідзе пасля таго, як праверкі з Камітэта дзяржаўнага кантролю (КДК) знайшлі тут занадта высокія цэны на лекі.
Іншай сетцы аптэк тым часам дазволілі вярнуцца да працы. Яе закрывалі за "парушэнні заканадаўства ў сферы фармацэўтычнай дзейнасці" на перыяд з 22 сакавіка да 5 красавіка, расказалі ў КДК. За гэты час фармацэўты адкарэктавалі цэннікі — знізілі гандлёвыя надбаўкі на ўсе лекі на 1,53% – 8,13%.
Цяпер праверкі ідуць у аптэках Брэсцкай вобласці.
"Суб'ектам, якія ажыццяўляюць дзейнасць па рэалізацыі лекавых сродкаў, прапануецца прыняць меры па зніжэнні цэн, не чакаючы прадпісанняў кантрольных і наглядных органаў", — адзначылі ў Камітэце дзяржкантролю.
Цэны на лекі пачалі расці пасля прыняцця рашэння аб адмене ПДВ для шэрагу медпрэпаратаў. У сакавіку Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад старшыні КДК Васіля Герасімава ўзмацніць кантроль над цэнаўтварэннем у аптэках. "Самым жорсткім чынам трэба спыняць людзей. Мы павінны бачыць і аптавікоў, і розніцу. Але самае галоўнае — лекі. Мы не павінны дазволіць гэтым рознага роду ачумелым нажывацца на бедах людзей", — казаў Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.