Мінздароўя размеркавала па абласцях 100 тысяч экспрэс-тэстаў на COVID-19
Міністэрства аховы здароўя размеркавала па абласцях атрыманыя экспрэс-тэсты на COVID-19. Пра гэта прэс-служба ведамства паведаміла ў сваім Telegram-канале.
100 тысяч экспрэс-тэстаў з Кітая для вызначэння антыцелаў у крыві на вірус СOVID-19 былі атрыманыя ўвечары ў суботу. Іх купілі на ахвяраванні беларусаў, пералічаныя на дабрачынны рахунак Мінздароўя.
Размеркаваныя яны наступным чынам: Мінск — 20 тысяч штук, Віцебская і Брэсцкая вобласці — па 11 тысяч, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская вобласці — па 10 тысяч, Мінская вобласць — 13 тысяч. Акрамя таго, установам аховы здароўя, якія ўваходзяць у сістэму Мінздароўя, перададзеныя 10 тысяч экспрэс-тэстаў. Агулам атрымліваецца 95 тысяч тэстаў. У прэс-службе Мінздароўя карэспандэнту Еўрарадыё патлумачылі, што 5 тысяч экспрэс-тэстаў пакінутыя ў запас.