Мірны: Надзеў не такую майку, як трэба, – болей не будзеш выступаць
Бацька і трэнер Максіма Мірнага расказаў, што крыкам тэнісісты ўздзейнічаюць на суперніка, ды падзяліўся іншымі цікавосткамі жыцця на корце сёння і ў СССР.
Еўрарадыё: Многіх раздражняюць крыкі нашых тэнісістак на корце. Ці нармальна гэта – крычаць на корце?
Мікалай Мірны: За маю 25-гадовую кар’еру я наслухаўся крыкаў не толькі ад Вікі ды Машы: да гэтага былі і Моніка Сэлеш, і Аня Курнікава, дый наш брат часта падымаў голас: Густаў Куэртэн, Яўгеній Кафельнікаў – нярэдка “паднывалі”. Вядома ж, тэмбр ды танальнасць ва ўсіх розныя – такія мы розныя людзі. Добра гэта, ці кепска… Я думаю, што перш наперш дзяўчаты і хлопцы клапоцяцца, каб ім было лягчэй. І толькі ў дзясятую чаргу яны думаюць пра нейкія модныя ці непрыгожыя гукі. Па-першае, ім лягчэй таму, што яны дыхаюць. Па-другое, яны ўздзейнічаюць неяк на саперніка. Гэта дапамагае выйграваць. Бо гэта ж гульня – трэба выйграць. Кожны для гэтага і выходзіць на корт. Я мяркую, што нічога страшнага ў гэтым няма.
Еўрарадыё: З’явілася такая навіна, што тэнісісткам усё ж такі могуць забараніць крычаць на корце. Гэта лабіруе сама Асацыяцыя жаночага тэнісу. Другая ракетка свету, датчанка Караліна Вазняцкі, таксама за гэта выступае. Яна сцвярджае, што некаторыя тэнісісты спецыяльна крычаць, каб заглушыць удар мяча аб корт, такім чынам перашкаджаючы супернікам.
Мірны: Калі гэтак казаць, то з Каралінай можна пагадзіцца. Калі ж прыняць версію, якую я агучыў, то такія паводзіны можна патлумачыць. Гэта ўплывае на дыханне: калі тэнісістка крычыць, то яна выдыхае і гэта ўзмацняе ўдар. Такое дзеянне дапамагае выйграць. Што ж да забароны – такая ў нас гульня. Калі нешта забароняць, то мы прыдумаем нешта новае. Але я не думаю, што гэта неяк паўплывала на іх поспех - дзяўчат, што любяць крычаць на корце, – і трапілі ў фінал. Вы мабыць пагодзіцеся, і ўсе аматары тэнісу пагодзяцца, што Віка – адна з наймацнейшых тэнісістак свету, а Маша ўжо даўно гэта даказвае. Таму, на жаль, гэтае пытанне ўздымаюць, мабыць, тыя, каго не навучылі крычаць.
Еўрарадыё: А як цяпер вучаць дзяўчат? Тэнісісткі старэйшага пакалення расказвалі, што раней нават было забаронена “войкаць” на корце. Ёсць спецыяльная праграма ў тэнісістак, ці яны самі гэтым авалодваюць?
Мірны: Я ведаю пра савецкі спорт, і гэта праўда. Тады сапраўды шмат чаго забаранялася. Тады, калі цябе ўжо ўзялі ў зборную, то трэба было трымацца. Бо, крый божа, трэнеру ці нейкаму функцыянеру з Міністэрства спорту не спадабаецца, як ты крыкнуў… Надзеў не такую майку, як трэба было гэтым функцыянерам – болей ты ўжо не будзеш выступаць, а асабліва за мяжой. Было шмат рэстрыкцый і абмежаванняў. Але на што ж мы будзем вяртацца назад у дваццатае стагоддзе?.. Калі б я быў трэнерам… Мы з Максімам збудавалі новыя корты, і я не казаў трэнерам, забараняць дзецям крычаць. Я думаю, што гэта частка нашай гульні.
Еўрарадыё: Нехта вымяраў, што голас Шарапавай гучыць у 105 дБ. Гэта амаль як гук верталёта…
Мірны: Людзі, якія нават не ведаюць добра тэнісу, часта прыходзяць паглядзець, як гуляюць прыгожыя дзяўчаты, і мужчынам падабаецца, як яны яшчэ і пакрыкваюць. Гэта ж нам і трэба! Каб людзям падабалася, каб яны прыйшлі, заплацілі за білеты, любаваліся.
Еўрарадыё: Можа, вы распаведзяце пра новыя таленты? Хто наступны можа стаць першай ракеткай свету?..
Мірны: Нам у Беларусі трэба цяпер крыху пачакаць. Трэба перш за ўсё адысці ад гэтай радасці, прыгледзецца да “зорачак”. Яны ёсць, вядома ж, ды растуць ад году ў год. Цяпер шмат увагі звяртаюць на тэніс, шмат аб’ектаў будуюць. А гэта значыць, што новыя зоркі будуць.
Еўрарадыё: І мужчыны і жанчыны… Бо мы пра мужчын неяк забыліся. Будзем чакаць.
Мірны: Ужо чакаем. Яны ўжо неўзабаве падыдуць. Цяпер ёсць добрыя шаснаццацігадовыя хлопцы. А хачу яшчэ дадаць, што наш спорт такі крыху невыгодны. Вось на гэтым тыдні пачынаюцца ўжо новыя спаборніцтвы – Кубак Федэрацыі. Віка з’ехала гуляць за Беларусь супраць ЗША. Гэтак мы не паспелі адысці ад яе бліскучай перамогі ў Аўстраліі, а ўжо мусім забывацца пра гэтую перамогу. Трэба насторйвацца на новую барацьбу, на новыя матчы ды новыя перамогі. Не паспееш нацешыцца, а ўжо іншае. А потым не заўсёды будуць перамогі – будуць і паражэнні. Таму, так мы ўвесь час то падымаемся, то ідзем уніз.