Міс Францыю хэйцяць у сацсетках за кароткія валасы – #ІхНоравы

Што адбываецца ў свеце і ў 30 мільёнах кіламетраў ад Зямлі

Што адбываецца ў свеце і ў 30 мільёнах кіламетраў ад Зямлі / @rubanau_collage

Чалавецтва захапляецца тым, як далёка яно прасунулася ў навуцы і якімі моцнымі і валявымі могуць быць спартоўцы – і ўсё ніяк не вызначыцца з тым, што такое прыгажосць, ці магчыма і ці патрэбна яе наогул вымяраць.

На гэты конт цяпер спрачаецца ўся Францыя – бо там Міс стала дзяўчына, якая марыць займацца навукай, але адважылася ў 21 стагоддзі насіць кароткія валасы. Пра гэта і іншае – у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.

Нарвежац пасунуў Месі з п’едэстала

Уплывовае брытанскае футбольнае выданне FourFourTwo апублікавала рэйтынг 100 найлепшых футбалістаў года. І ў лідарах спісу без усялякай інтрыгі апынуўся 23-гадовы форвард “Манчэстэр Сіці”, нарвежац Эрлінг Холанд. Яго ж назвала лепшым спартоўцам свету і BBC.

За сезон ён правёў 53 матчы, у якіх забіў 52 галы і аддаў 9 галявых перадач. Дзякуючы Холанду яго каманда перамагла у чэмпіянаце Англіі, Кубку Англіі і ў Лізе чэмпіёнаў, што ў футболе завецца трэбл.

На Холанда ставяць нават такія зоркі, як легенда Месі – дарэчы, ён у гэтым рэйтынгу толькі на 6-м месцы.

Міс Францыю хэйцяць у сацсетках за кароткія валасы – #ІхНоравы
Эрлінг Холанд чатыры гады таму ацэньваўся ў 5 млн еўра, цяпер яго трансфер абыдзецца прыблізна ў 180 млн еўра / GETTY IMAGES

“Холанд правёў неверагодны сезон. Ён забіў шмат мячоў, перамог у Лізе чэмпіёнаў і выйграў трэбл з «Манчэстэр Сіці». Упэўнены, ён стане адным з тых футбалістаў, якія ў бліжэйшыя гады будуць рэгулярна прэтэндаваць на "Залаты мяч". Не здзіўлюся, калі ён заваюе гэтую ўзнагароду вельмі хутка!” – кажа пра ўзыходзячую зорку аргентынскі нападаючы “Інтэр Маямі” Ліянэль Месі.

Што праўда, Месі свае лаўры ўсё ж атрымаў: ён у сёмы раз “Лепшы гулец года” па версіі выдання Goal. А ў кастрычніку аргентынец выйграў свой восьмы "Залаты мяч".

Ну, а калі вярнуцца да рэйтынгу брытанскага часопіса, то на другім месцы пасля Холанда ў ім – Джуд Белінгем з “Рэала”, на трэцім - Хары Кейн з “Баварыі”. Далей ідуць  Кіліян Мбапэ (“ПСЖ”), Радры (“Манчэстэр Сіці”), ужо згаданы Месі, Бернарду Сілву (“Манчэстэр Сіці”), Антуан Грызман (“Атлетыка”) і завяршае дзясятку Вініус Жуніяр з “Рэала”.

З космасу даслалі відэа, як кот гуляецца з лазерам

Міжпланетная станцыя Psyche даслала з космасу відэа, на якім кот палюе на чырвоную кропачку. Што ў гэтым дзіўнага? У тым, што каты па ўсім свеце дурэюць ад бегатні за лазернай указкай – нічога. Але навукоўцаў цікавіла вось што: гэтае 15-секунднае відэа, загадзя загружанае, міжпланетная станцыя даслала на Зямлю з рэкорднай хуткасцю па лазернай сувязі.

Такога раней не было! Уявіце сабе толькі: відэа прыляцела з адлегласці ў 31 млн кіламетраў (гэта 80 “паездак” між Зямлёй і Месяцам) з хуткасцю 267 мегабіт у секунду.

Відэа, дасланае з глыбокага космасу на Зямлю

Psyche адправілася ў космас у кастрычніку гэтага года. На іённых рухавіках станцыя рушыць у бок буйнога астэроіда Псіхея. Плануецца, што яна туды даляціць да 2029 года, пасля выйдзе на арбіту і пачне 2-гадовую навуковую праграму. Яе мэта – зрабіць здымкі паверхні металічнага астэроіда і даследаваць яго структуру.

На станцыі ўсталявалі эксперыментальную сістэму сувязі на базе перадатчыка блізкага інфрачырвонага дыяпазону і тэлескопа з адчувальнай для лазернага выпраменьвання з Зямлі камерай. Лазерныя сігналы дасылаюцца з Каліфорніі 5-метровым тэлескопам Хэйлі.

Хуткасць перадачы інфармацыі з Зямлі ў глыбокі космас і ў адваротным накірунку ад 10 да 100 разоў больш, чым хуткасць перадачы даных з дапамогай самых сучасных радыёчастотных сістэм, якія выкарыстоўваюцца сёння на міжпланетных апаратах.

Ну, а што за руды кот стаў зоркай навукі? Гэта Тэйтэр, гадаванец аднаго з чальцоў Лабараторыі рэактыўнага руху NASA. Цяпер яго імя і параметры ўпісаныя ў гісторыю касмічных даследванняў!

Міс Францыю зацкавалі за прычоску

Ніколі такога не было (сарказм) – і вось ізноў: скандал на конкурсе прыгажосці. На гэты раз у Францыі. Там упершыню за 100 гадоў Міс стала ўдзельніца з кароткай стрыжкай. Прыгожая, вытанчаная брунэтка, падобная на актрысу французскіх класічных фільмаў мінулага стагоддзя, аказалася, недастаткова ўвасабляе “жаноцкасць” праз сваю андрагіную фігуру і кароткія валасы. Так кажуць крытыкі.

Эва Жыль, 20-гадовая студэнтка матэматыкі з Ліля, што пайшла на конкурс, каб натхніць моладзь займацца навукай, сутыкнулася з неверагоднай хваляй агрэсіі ў сацсетках. Што праўда, і падтрымку яна знайшла, але стрымаць скандал у медыях гэта не дапамагло.

Міс Францыю хэйцяць у сацсетках за кароткія валасы – #ІхНоравы
Эва Жыль / AFP via Getty Images

"Пасля публікацыі фатаграфій у купальным касцюме на мяне абрынулася хваля бодзішэймінгу. Было шмат каментароў пра тое, што ў мяне няма фігуры, што я худая. Так, я выбрала гэтую прычоску, але я не выбірала сваё цела. Я не разумею, як нехта можа крытыкаваць чалавека за тое, што ён не можа змяніць”, – кажа Міс Францыя ў інтэрв'ю выданню Le Parisien.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі