Мітрапаліт Кандрусевіч: Маліцеся аб сустрэчы Папы Францішка і патрыярха Кірыла
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі заклікаў “вернікаў і людзей добрай волі” маліцца, каб сустрэча Папы Францішка і патрыярха Кірыла “прынесла добрыя плёны”. У звароце, апублікаваным на сайце catholic.by, адзначаецца, што сустрэча Папы Рымскага і Маскоўскага патрыярха доўгачаканая для ўсяго свету.
Гэтая сустрэча адбудзецца 12 лютага на Кубе, ў Міжнародным аэрапорце Гаваны. Як адзначае Кандрусевіч, кіраўнікі рыма-каталіцкай і праваслаўнай царквы правядуць перамовы ў Новым Свеце, які “не датычны да балючых падзелаў хрысціянства, што дагэтуль з’яўляюцца незалечанай і крывацечнай ранай на адзіным Містычным Целе Хрыста”.
”Сучасны свет развіваецца імкліва. Кожны дзень прыносіць усё новыя і новыя выклікі, у тым ліку і маральнага характару. На іх неабходна як мага хутчэй адказваць, бо заўтра можа быць занадта позна. Трэба адказваць супольна, каб адказ быў мацнейшым і пацвярджаў адзінства”, — гаворыцца ў звароце.
Падчас сустрэчы сусветных хрысціянскіх лідараў будуць абмеркаваны пытанні ганенняў хрысціян, двухбаковых адносін і міжнароднай палітыкі. Па выніках сустрэчы будзе падпісана супольная дэкларацыя. Гэтыя перамовы стануць вехай у адносінах Каталіцкага Касцёла і Маскоўскага Патрыярхату, упэўнены мітрапаліт Кандрусевіч.
Кіраўнік беларускага касцёла таксама верыць, што доўгачаканая сустрэча стане новым крокам да ажыццяўлення закліку Хрыста да адзінства хрысціян і надасць яму новы дынамізм. “Яна таксама будзе спрыяць сумеснаму абвяшчэнню Евангелля, абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў і будаванню цывілізацыі жыцця, любові і міру”, — сказана ў звароце да вернікаў.