Міжнародны фэст феерверкаў прайшоў пад Ваўкавыскам (фота)
Грандыёзнае піратэхнічнае шоў прайшло 30 жніўня ў аграгарадку Вярэйкі пад Ваўкавыскам.
Нават туман на беразе возера не перашкодзіў піратэхнічным камандам прадэманстраваць навінкі агнявога мастацтва, а таксама пазмагацца за першае месца ў III Фестывалі феерверкаў.
Першы прыз за сваё шасціхвіліннае фаер-шоў атрымала каманда з Сімферопаля, другімі сталі піратэхнікі з Беластока, трэцяе месца забрала каманда са Смаленска. Яна ж заваявала сэрцы беларусаў, выйграўшы прыз глядацкіх сімпатый.
Выступы камандаў ацэньвала судзейская калегія з прадстаўнікоў піратэхнічных асацыяцый Беларусі і Расіі, Еўрапейскай піратэхнічнай асацыяцыі EUFIAS, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі і ганаровых грамадзян Ваўкавыскага раёна.
Па-за конкурсам гранд-феерверк паказала каманда-арганізатар "Кальвін" з Дзяржынска. А гасцей фэсту забаўлялі спартоўцы Беларускай і Еўрапейскай федэрацый Шатакан каратэ-до, арт-група "Беларусы" і спявачка Алёна Ланская.
Піратэхнічнае шоў прайшло ў рамках фестывалю "Дажынкавы Сноп-2014" у гонар заканчэння ўборкі ўраджаю і ўшанавання ўдзельнікаў жніва.
Фота Еўрарадыё