Міжнародны камітэт зрабіў даклад пра катаванні жанчын на мітынгах у Беларусі

Міжнародны камітэт зрабіў даклад пра катаванні жанчын на мітынгах у Беларусі

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі апублікаваў трэцюю прамежкавую справаздачу. Яна датычыць катаванняў жанчын і жорсткага абыходжання з імі. У дакладзе разглядаецца перыяд са жніўня 2020 года па люты 2021-га.

Праваабаронцы апыталі 143 жанчын, якія пацярпелі ад катаванняў дыі іншых дзеянняў сілавікоў (АМАП, МУС, супрацоўнікі пенітэнцыярных устаноў і інш.). Таксама яны карысталіся інфармацыяй з адкрытых крыніц, даных ад партнёраў, сведкаў парушэнняў правоў чалавека, а таксама падчас маніторынгу мірных сходаў.

Па высновах праваабаронцаў, асноўная экскалацыя гвалту і дорсткага абыходжання з боку сілавікоў адбывалася 9-13 жніўня 2020 года па ўсёй Беларусі. Увогуле гвалт супраць мірных дэманстрантаў улады працягвалі да канца 2020 года і ў студзені 2021 года.

Жанчын 9-13 жніўня фізічна катавалі менш, чым мужчын, але і адсотак затрыманых жанчын быў значна меншым. Да жанчын ужывалі прамы гвалт, розныя формы бесчалавечнага і зневажальнага для чалавечай годнасці абыходжання. Дапамога медыкаў жанчынам не прадастаўлялася або прадастаўлялася ў адзінкавых выпадках.

Дастаўка ў ізалятары і ўмовы ўтрымання там не адпавядаюць міжнародным стандартам і нацыянальнаму заканадаўству. На думку праваабаронцаў, гэтыя ўмовы з'яўляюцца катаваннямі і жорсткім, бесчалавечным абыходжаннем.

Дзяржава не рэагуе на скаргі ў пракуратуру і працягвае мэтанакіраваную практыку стварэння жорсткіх, бесчалавечных умоваў утрымання жанчын у месцах несвабоды.

Ніводнай крымінальнай справы па заявах аб катаваннях так і не было пачата.

ЦЫТАТЫ

"Некалькі жанчын сведчаць, што хаваліся ад сілавікоў у кустах на скрыжаванні вул. Ціміразева і вул. Кальварыйскай і спрабавалі трапіць дадому, а ў гэты час сілавікі без разбору па кустах стралялі гумовымі кулямі. Пасля гэтага пачалася зачыстка, усё пабеглі па мосце, а ім стралялі ў спіну сілавікі".

"Вялікую агрэсію выклікалі жанчыны, якія аказвалі медыцынскую дапамогу пратэстоўцам і якія пазначалі сябе або аўтатранспарт чырвоным крыжам. Затрымліваючы машыны з пазначэннем Чырвонага Крыжа, людзей абвінавачвалі ў дапамозе пратэстоўцам, што служыла дадатковым стымулам да агрэсіі і зневажанняў. З апавяданняў пацярпелых: "Як толькі яны ўбачылі крыжы на машыне, у іх як быццам быў нейкі экстаз, такое натхненне: "О, медыкі!" Ну яны проста сталі так радасна ўскрыкваць: "На выхад!", "Вы жывёлы, скаціны, брыда".

"Некаторых жанчын збівалі ў аўтазаках. Дадатковую агрэсію выклікалі жанчыны-грамадзянкі іншых краін. Так, пры дастаўленні грамадзянкі Літоўскай Рэспублікі ў РУУС супрацоўнік АМАП сказаў: "А! Ты ж літоўка. А ў Літве фемінізм. Ну, значыць, будзеш аграбаць, як усе". І чатыры разы ўдарыў у вобласць плячэй і галавы, і так паўтаралася некалькі разоў".

"Усім забаранялі падымаць вочы і глядзець на тых, хто збіваў затрыманых. Тыя жанчыны, якія знаходзіліся ў камерах РУУС, вымушаныя былі мачыцца альбо проста на падлогу, альбо па чарзе ў пластыкавую бутэльку".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі