Многія краіны прыпыняюць палёты ў Лондан праз новы штам каранавіруса

Папярэджанне пра новыя абмежаванні праз каранавірус на вуліцах Лондана / Reuters​
Папярэджанне пра новыя абмежаванні праз каранавірус на вуліцах Лондана / Reuters​

Шэраг краін заявіў аб прыпыненні авіяпералётаў у Вялікабрытанію з прычыны новага штаму каранавіруса. Мутацыю выявілі яшчэ ў верасні, аднак сітуацыя сур'ёзна ўскладнілася толькі цяпер.

У Вялікабрытаніі назіраецца рэзкі рост захворвання— напярэдадні тут выявілі рэкордныя 35,9 тысячы выпадкаў заражэння каранавірусам за суткі.  Брытанскі прэм'ер Борыс Джонсан заявіў, што скачок захворвання COVID-19 звязаны з новым штамам і што гэты варыянт каранавіруса можа быць на 70% заразнейшы. Пры гэтым у спецыялістаў няма дадзеных, што новы вірус больш смертаносны, чым той, з якім цяпер змагаюцца ў свеце, падкрэслівае агенцтва ТАСС. Пазней, паводле дадзеных СААЗ, новы штам каранавіруса быў таксама выяўлены ў Даніі, Нідэрландах і Аўстраліі.

У суботу 19 снежня ў Лондане і на паўднёвым усходзе Англіі ўвялі максімальны ўзровень пагрозы распаўсюджвання інфекцыі: да закрытага раней грамадскага харчавання дадалі цырульні, спартзалы і ўсе крамы, якія не гандлююць прадметамі першай неабходнасці. Пасля такіх навін жыхары Лондана пачалі масава з'язджаць з горада, а іншыя дзяржавы — прымаць рашэнне аб прыпыненні авіязносін з Вялікабрытаніяй.

На такія меры пайшлі ўлады Нідэрландаў, Францыі, Ізраіля, Германіі, Італіі, Аўстрыі, Балгарыі, Эстоніі, Латвіі, Турцыі і шэрагу іншых дзяржаў.

Шэраг краін узмацніў меры кантролю за тымі, хто прыбывае з Вялікабрытаніі. Беларуская авіякампанія "Белавія" лётае ў Лондан тройчы на тыдзень: у серады, пятніцы і нядзелі. Пакуль інфармацыі пра змену графікаў палётаў або дадатковыя меры для пасажыраў, якія прыбываюць з Вялікабрытаніі, на сайце перавозчыка няма. Дзейнічаюць ранейшыя правілы: грамадзяне Беларусі і ўладальнікі віду на жыхарства ў нашай краіне па прылёце з краін "чырвонай зоны" павінныя правесці 10 дзён на самаізаляцыі, замежныя грамадзяне павінныя да таго ж мець пры сабе вынікі ПЦР-тэсту на COVID-19.

Нагадаем, з сённяшняга дня паветраны шлях застаецца для большасці грамадзян Беларусі адзінай магчымасцю выехаць за межы краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі