МНС абвергла чуткі пра выкід аміяку на "Гродна Азоце"
У чацвер, 16 чэрвеня, МНС абвергла чуткі пра выкід аміяку на ААТ "Гродна Азот". Карыстальнікі сацсетак пісалі пра здарэнне ў адным з цэхаў прадпрыемства. Нібыта, пасля яго работнікам сталі рэкамендаваць зачыняць форткі і вокны.
У паведамленні МНС Гродзенскай вобласці адзначаецца, што ніякай інфармацыі пра надзвычайныя здарэнні на прадпрыемстве не было, ратавальнікаў туды не выклікалі. "Гродна Азот" працуе ў штатным рэжыме.
Як інфармавала Еўрарадыё, 6 чэрвеня на "Гродна Азоце" адбылося трагічнае здарэнне, з-за тэрмічнага раскладання гідраксіламінсульфата смяротнае атручэнне атрымалі двое рабочых, трое былі шпіталізаваныя. Па артыкуле "Службовая халатнасць" распачалі крымінальную справу.