Мог выступаць у Марыінцы, а стаў паспяховым хірургам — не стала Алега Чудакова
Алег Чудакоў / kp.by
На 81-м годзе жыцця памёр вядомы хірург, доктар медыцынскіх навук, прафесар, аўтар больш за 500 навуковых прац Алег Чудакоў. Пра гэта паведамілі ў міністэрстве аховы здароўя.
Чудакоў займаўся сківічна-тварнай хірургіяй, правёў тысячы аперацый і прыдумаў цэлы шэраг арыгінальных метадаў лячэння. Аўтар 14 вынаходак. Восем гадоў таму ў інтэрв'ю "Камсамольскай праўдзе" ён выказаў здагадку, што стаць паспяховым хірургам яму часткова дапамагла яго першая адукацыя.
Перад тым, як сысці ў медыцыну Чудакоў скончыў на выдатна харэаграфічную вучэльню, экзамен па класічным танцы ў яго прымалі дзве вялікія балерыны: Галіна Уланава і Соф'я Галоўкіна. У яго на руках было накіраванне ў трупу Марыінскага тэатра. Але замест Марыінкі Алег Чудакоў сышоў у медінстытут.
"Як ні дзіўна, харэаграфія дапамагла мне ў хірургіі. Бо сківічна-тварная хірургія — гэта таксама мастацтва. Тое, што многія не бачаць і не разумеюць, я проста адчуваю. Да таго ж у юнацтве я атрымаў добрую фізічную загартоўку і да гэтага часу папросту выстойваю падчас працяглых аперацый. А моладзь часам не вытрымлівае", — казаў ён. На момант інтэрв'ю Алегу Парфір'евічу было 73 гады.
Развітанне з Алегам Чудаковым адбудзецца сёння, 19 ліпеня, з 10 да 12.00 па адрасе: горад Мінск, вуліца Кульман, 33А.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.