Мошас: Пытанне беларускіх палітзняволеных у ЕС ігнаруюць ужо года паўтара
Але ні гэты факт, ні візіты беларускіх чыноўнікаў у Брусель не прывядуць да прарыву ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС, сцвярджаюць эксперты.
Чарговы раунд перамоў паміж Беларуссю і ЕС праходзіў у Бруселі з 29 верасня па 1 кастрычніка. Беларускі МЗС паведамляе, што абмяркоўваліся “перспектывы супрацоўніцтва ў сферы транспарту і лагістыкі, энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя”. Але больш цікавыя іншыя сустрэчы намесніка міністра беларускага замежнапалітычнага ведамства Алены Купчыной, пра якія сказана двума сказамі.
Так, паведамляецца, што Купчына сустракалася з еўракамісарам па пашырэнні ЕС і еўрапейскай палітыцы суседства Штэфанам Фюле, намеснікам Генсакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельгай Шмід і дэпутатамі Еўрапарламента. І падчас гэтых сустрэч абмяркоўваліся “пытанні развіцця адносінаў паміж Беларуссю і ЕС”.
Ці могуць гэтыя сустрэчы сведчыць, што беларуска-еўрапейскія ўзаемаадносіны набліжаюцца да нейкага “прарыву”?
Па словах эксперта Фінскага інстытута замежных спраў Аркадзя Мошаса, гэтая сустрэча ў Бруселі — не больш чым “адзін з элементаў працэсу наладжвання тэхнічнага ўзаемадзеяння паміж Мінскам і Бруселем”.
Аркадзь Мошас: “Працэс гэты па бюракратычных мерках моцна пастаўлены на рэйкі — ёсць што абмяркоўваць. Ёсць пытанні ў межах Усходняга партнёрства, якое перазапускаецца і перафарматуецца, ёсць пытанні двухбаковыя накшталт візавай лібералізацыі. Гэта такое нармальнае, тэхнакратычнае, не стратэгічнае ўзаемадзеянне, ад якога і задавальненне, і пэўную выгаду атрымліваюць абодва ўдзельнікі”.
Чарговая сустрэча беларускіх і еўрапейскіх чыноўнікаў — не больш як частка працэсу, які пачаўся ў канцы мінулага года, калі ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС з’явіўся так званы парадак дня, дадае беларускі палітолаг Яўген Прэйгерман. У гэты “парадак” найперш уваходзяць візавыя пытанні і “мадэрнізацыйныя тэмы” — эканоміка ды энергетыка.
Яўген Прэйгерман: “Таму мы можам казаць пра тэндэнцыю, якая ўзмацняецца з кожным месяцам, але гэта не нейкі там прарыў, а толькі паступовае развіццё гэтых адносінаў”.
З гэтым цалкам згодны фінскі эксперт Аркадзь Мошас.
Аркадзь Мошас: “Прарывам гэта не з’яўляецца, бо стратэгічна ад гэтага ўзаемадзеяння нічога не змяняецца. Беларусь на дадзены момант знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад расійскай замежнай палітыкі. І змяніць гэта ні тэхнічныя кантакты з Еўрапейскім саюзам, ні рыторыка Мінска, які стараецца паказальна дыстанцыявацца ад Расіі ва ўкраінскіх пытаннях, не змогуць”.
Хай і “тэхнакратычныя”, але ўзаемаадносіны паміж Беларуссю і ЕС заўважна развіваюцца. А як жа пытанне палітвязняў, праз якое ў свой час усе кантакты амаль спыніліся? Вязні за кратамі, а ўзаемаадносіны развіваюцца — на ранейшыя патрабаванні аб вызваленні еўрапейцы забыліся?
Яўген Прэйгерман: “Пытанне палітвязняў застаецца вельмі сур’ёзным і для ЕС, і для ЗША — ідуць, мяркую, вельмі актыўныя перамовы, каб вырашыць гэтае пытанне. І калі гэта адбудзецца, то можна чакаць вельмі цікавых, хоць я і не назваў бы іх рэвалюцыйнымі, зменаў”.
З аптымізмам беларускага калегі не згодны фінскі эксперт Аркадзь Мошас.
Аркадзь Мошас: “Дэ-факта адбываецца ігнараванне пытання палітзняволеных — ужо года паўтара мы дакладна можам пра гэта казаць. З таго моманту, як спадара Макея вывелі з-пад візавых санкцый, калі яшчэ вясной 2013 года, у перыяд падрыхтоўкі да віленскага саміта (Саміт Усходняга партнёрства, які праходзіў у снежні 2013 года ў Вільні — Еўрарадыё), пачалі шукаць такі фармат, які дазволіў бы Беларусі дастаткова паўнавартасна ўдзельнічаць у гэтым саміце”.
Фота: Змітра Лукашука