МТЗ тэлефануе былым супрацоўнікам і патрабуе пашпартныя звесткі. Што?
Навошта МТЗ тэлефануе былым рабочым?
Работнікі МТЗ тэлефануюць сваім былым супрацоўнікам і просяць прадыктаваць нумар пашпарта. Пра гэта паведаміў адзін з чытачоў Еўрарадыё, які прыняў такую просьбу за "развод" махляроў.
Наш журналіст пад выглядам занепакоенага сына былога работніка патэлефанаваў на прадпрыемства і высветліў, што завод сапраўды абзвоньвае сваіх былых рабочых. Аказалася, гэтым займаецца прафсаюз ветэранаў МТЗ.
— Так, мы абзвоньваем ветэранаў, звестак якіх няма ў нашай базе. Нам трэба тэрмінова іх унесці ў камп'ютар. Просім альбо па тэлефоне паведаміць, альбо прыйсці да нас. Да канца наступнага тыдня абавязкова ўсіх трэба ўнесці. Мы ніякія не ашуканцы.
Супрацоўніца прафсаюза паведаміла, што кіраўніцтва патрабуе падрыхтаваць спісы для заахвочвання сваіх былых работнікаў да дня нараджэння завода.
— Каб атрымаць прэмію, абавязкова трэба падаць звесткі пашпарта, працоўнай кніжкі і прафсаюзнага білета, а яшчэ аплаціць 4,80 рубля ўнёску, — дадала жанчына.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.