МУС абнародавала фота і відэа арсенала, знойдзенага ў жыхара Гарадзеі
Прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў абнародавала фатаздымкі і відэа з ператрусу ў Леаніда Штэйна, у якога знайшлі цэлы арсенал зброі.
Як паведамляла Еўрарадыё, начальніка ЦЭЦ Гарадзейскага цукровага завода Леаніда Штэйна затрымалі 7 верасня. На наступны дзень 8 верасня ў яго дома, у гаражы і на працоўным месцы прайшлі ператрусы. Падчас ператрусаў праваахоўнікі знайшлі цэлы збройны арсенал.
Прэс-служба МУС удакладняе, што аўтамабіль жыхара Гарадзеі спынілі ў аграгарадку Краснае Гомельскага раёна падчас "аператыўнай камбінацыі". Пры аглядзе аўтамабіля былі знойдзеныя цюнінгаваны аўтамат Калашнікава з прыстасаваннем для бясшумнай стральбы, пісталеты Макарава і ТТ, па некалькі падрыхтаваных магазінаў да пералічанай зброі, вінтоўку невыяўленай мадэлі, 4 ручныя гранаты, 3 выбухпакеты і сотні патронаў рознага калібру.
Падчас ператрусаў у Штэйна міліцыянты выявілі яшчэ два наразныя карабіны, чатыры гладкаствольныя стрэльбы і два пісталеты, а таксама кулямёт, пяць аўтаматаў, 10 вінтовак, 10 пісталетаў, 28 гранат, 265 выбуховых прыладаў, каля 2 кг выбуховых рэчываў і каля 10 тысяч патронаў рознага калібру.
Таксама праваахоўнікі затрымалі аднаго з прыяцеляў Штэйна. У яго жыллі на Брэстчыне пры ператрусе знайшлі зарэгістраваныя наразны даўгаствольны карабін, гладкаствольную стрэльбу і незаконныя тры вінтоўкі, тры гладкаствольныя паляўнічыя стрэльбы і 381 патрон рознага калібра.
Следчыя вычвятляюць крыніцы паходжання гэтай зброі і магчымых саўдзельнікаў фігуранта ў незаконным абарачэнні зброі.