МУС Беларусі: Як ні круці, але аднаполыя адносіны – гэта падробка
А ўсё праз гэты вясёлкавы сцяг над брытанскай амбасадай. Фота: Еўрарадыё
20 траўня, праз тры дні пасля Міжнароднага дня барацьбы з гамафобіяй, Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі выступіла з крытыкай аднаполых адносінаў. Фармальнай падставай для выказвання стаў вясёлкавы сцяг, вывешаны 17 траўня над амбасадай Вялікабрытаніі ў Мінску. Такі сцяг ва ўсім свеце з'яўляецца сімвалам людзей з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй.
"Ініцыятыву замежнай дзяржавы стварыць праблемы там, дзе іх не існуе, удалай назваць нельга", – лічаць у МУС. Далей цытуецца амбасадарка Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб: вывешваючы сцяг, дыпламаты імкнуліся паспрыяць прасоўванню правоў ЛГБТ-супольнасці і звярнуць увагу грамадскасці на ЛГБТ-людзей і дыскрымінацыю, з якой яны сутыкаюцца. 17 траўня амбасадарка казала пра гэта ў сваім відэаблогу:
У МУС адзначаюць, што ў Беларусі 17 траўня ніколі не з'яўлялася і не з'яўляецца нейкім памятным і значным днём. "Прычына таму відавочная, – лічаць у сілавым ведамстве. –Пераважная большасць беларусаў прытрымліваецца традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, у тым ліку хрысціянскіх. А заявы падобнага кшталту – выклік гэтым каштоўнасцям".
Далей аўтары тэксту акцэнтуюць увагу чытачоў на традыцыйных каштоўнасцях: "На працягу ўсёй чалавечай гісторыі саюз мужчыны і жанчыны быў адзіным натуральным спосабам працягу роду. Гэты саюз заўсёды стаіць на чале светапарадку. Толькі так – мужчына і жанчына, і ніяк інакш. Менавіта таму дзяржава аберагае гэты саюз, ставіць яго пад асаблівую абарону, надзяляючы выключнымі правамі – у тым ліку ў палітычным і прававым аспектах".
"Прадстаўнікі аднаполых адносінаў люта адстойваюць сваю пазіцыю, нягледзячы на асновы і традыцыі, якія склаліся ў грамадстве. Як ні круці, але аднаполыя адносіны – гэта падробка. А сутнасць падробкі заўсёды аднолькавая – абясцэньванне ісціны. ЛГБТ-супольнасць, і ўся гэтая барацьба за "свае правы", і сам дзень супольнасці – усяго толькі падробка!", – працягваюць аўтары тэксту, размешчанага на сайце МУС.
Затым падкрэсліваецца, што Беларусь "абапіраецца на падмурак традыцыйных інстытутаў сям'і і шлюбу", але пры гэтым "мы ў роўнай ступені адкрытыя для ўсяго карыснага, патрэбнага, прагрэсіўнага: для ўсяго таго, што палепшыць жыццё беларуса і будзе спрыяць развіццю грамадства ў цэлым". "Мы – за сапраўднае, яны не пройдуць!", – заключаюць ў МУС.