МУС: праверыць, ці знаходзішся ты ў базе ўдзельнікаў пратэстаў, нельга

Акцыя пратэсту ў Мінску / Еўрарадыё
Акцыя пратэсту ў Мінску / Еўрарадыё

Праверыць, ці трапіў чалавек у базу ўдзельнікаў пратэставых акцый, якую распрацаваў МУС, нельга. Пра гэта са спасылкай на прэс-сакратара міністэрства Вольгу Чамаданаву піша газета "Белорусы и рынок":

— Гэта сістэма, безумоўна, знаходзіцца не ў агульным доступе. Магчымасць прагляду і папаўнення анлайн-сістэмы ёсць [толькі] ў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

— А якімі могуць быць наступствы для чалавека, які трапіў у гэту базу? Ці можа быць больш пільны надгляд на мяжы, напрыклад?

— Не, звесткі ў сістэме — гэта, па сутнасці, сацыяльны партрэт чалавека. Хто гэта, узрост, пол, занятасць, — адказвае Вольга Чамаданава. — Напрыклад, грамадзяніна затрымалі на несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і даставілі ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў, там ўдакладняюцца ўсе звесткі пра гэту асобу, абставіны яе знаходжання на гэтым мерапрыемстве. Гэтыя звесткі ўносяцца ў сістэму ўліку.

Раней грамадзяне Беларусі, якіх судзілі па артыкуле 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса, не раз сутыкаліся з тым, што спачатку памежнікі доўга "ўглядаліся" ў іх пашпарт, а пазней мытнікі праводзілі "надгляд з прыдзіркамі". Аднак ніводзін дзяржаўны орган не пацвердзіў, што пакараныя за пратэсты прыцягваюць больш увагі. Зрэшты, у Пагранкамітэце Еўрарадыё гэтага і не абверглі.

Яшчэ прэс-сакратар МУС расказала, што ў сістэму могуць трапіць тыя, хто ўдзельнічаў у акцыях і не быў пакуль затрыманы, але чыю асобу "ўстанавілі шляхам ідэнтыфікацыі".

Цёзкам удзельнікаў пратэстаў быццам бы таксама нічога не пагражае. У сістэме паказваецца падрабязная інфармацыя пра кожнага чалавека: не толькі імя і прозвішча, але і год нараджэння, і занятасць. "Нешта ж павінна адрознівацца", — рэзюмуе Чамаданава.

20 снежня начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Купчэня ў эфіры "Беларусь 1" заявіў пра стварэнне базы ўдзельнікаў несанкцыянаваных акцый. Паводле яго слоў, гэта дапаможа высветліць, як часта чалавек прымае ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, што "будзе мець істотнае значэнне пры разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў судзе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі