МУС: работнік агенцтва па зямельным кадастры "зліваў" звесткі міліцыянераў
Работнік агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры "зліваў" звесткі міліцыянераў, паведамляе прэс-служба МУС Беларусі. 35-гадовага мужчыну затрымалі, распачатая крымінальная справа.
Работнік згаданага агенцтва быў начальнікам аддзела па захоўванні і ўліку дакументаў прадпрыемства, меў доступ да службовых базаў даных. У іх ён знаходзіў канфідэнцыйную інфармацыю і на працягу некалькіх месяцаў перасылаў адміністратарам нейкага "экстрэмісцкага тэлеграм-канала".
Падкрэсліваецца, што на след мужчыны выйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Заяўляецца, што ён перадаў персанальныя звесткі больш чым пра дзясятак сілавікоў і "высокапастаўленых прадстаўнікоў дзяржаўнай улады".
Крымінальную справу распачалі за "распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варажнечы". Мінчуку пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.