МУС стварыла базу "ўдзельнікаў несанкцыянаваных акцый"

МУС стварыла базу "ўдзельнікаў несанкцыянаваных акцый"

Міністэрства ўнутраных спраў стварыла базу ўдзельнікаў несанкцыянаваных акцый. Пра гэта ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" заявіў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Купчэня.

Па яго словах, рашэнне стварыць такую агульнадзяржаўную базу было прынятае "пасля падзеяў 9 жніўня". Нагадаем, тады мінчукі чакалі вынікаў падліку галасоў на выбарчых участках, але многіх з іх каля гэтых жа выбарчых участкаў і затрымалі. Стыхійнай шэсце на сталічных вуліцах разганялі з дапамогай дымавых гранат. Адбыліся шматлікія затрыманні: за першыя тры дні пратэстаў было затрымана каля 7000 чалавек.

Купчэня кажа, што ў базу ўносяцца затрыманыя з усёй краіны, потым гэтая інфармацыя ўлічваецца. "Чалавек пражывае ў горадзе Брэсце, там удзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, і праз месяц ён прыбывае ў горад Мінск для ўдзелу ў такіх мерапрыемствах у горадзе Мінску. Мы яго тут затрымліваем, правяраем па базе даных і высвятляем, што раней гэты чалавек ужо затрымліваўся ў горадзе Брэсце і ўжо ўдзельнічаў у такіх мерапрыемствах. Такім чынам, гэты чалавек прымае ўдзел паўторна, гэта мае істотнае значэнне пры разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў судзе", — тлумачыць міліцыянт.

Раней у сацсетках беларусы паведамлялі ўжо, што пры перасячэнні мяжу асабліва дбайна даглядаюць тых, хто быў асуджаны паводле артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі