МУС: тэлеграм-канал "Беларусь галаўнога мозгу" прызнаны экстрэмісцкім
Тэлеграм-канал "Беларусь галаўнога мозгу" прызнаны экстрэмісцкім, паведамляе прэс-служба МУС. Такое рашэнне прыняў 19 красавіка суд Чыгуначнага раёна Гомеля. Падставай для рашэння сталі матэрыялы абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК МУС.
Як заяўляюць у МУС, у канале "сістэматычна размяшчаліся экстрэмісцкія матэрыялы, у тым ліку накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці, а таксама абразы прадстаўнікоў праваахоўных органаў і дзяржслужбоўцаў".
Па словах міліцэйскай прэс-службы, удзельнікі канала "рэгулярна заклікалі да масавых беспарадкаў, вулічных пратэстаў, хуліганстваў, радыкалізацыі, вандалізму, супраціву міліцыянтам, блакаванні руху на аўтамабільных дарогах і чыгунках".
Цяпер за рэпост інфармацыі з гэтага тэлеграм-канала прадугледжанае пакаранне аж да арышту.
"Беларусь галаўнога мозгу" — чацвёрты па колькасці падпісантаў ТГ-канал у Беларусі.
Адзначым, што па стане на 17:35 20 красавіка ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў гэты тэлеграм-канал адсутнічае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.