МУС: У Мінску адбыўся паказальны працэс над падлеткам. Вярхоўны суд абвяргае
На сайце ГУУС Мінгарвыканкама з'явілася абвестка аб правядзенні ў Мінску паказальнага суда з удзелам падлетка. Суддзя Вікторыя Макуха вырашала, ці трэба накіроўваць у спецыяльную навучальна-выхаваўчую ўстанову 11-гадовага хлопчыка, злоўленага на дробных крадзяжах. Да таго ж, ён сапсаваў відэакамеру вонкавага назірання і скраў ровар.
"На выязным пасяджэнні суда [у будынку Першамайскага РУУС. ― Еўрарадыё] прысутнічалі непаўналетнія, якія здзяйснялі падобныя злачынствы і правапарушэнні, з якімі таксама праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. На наглядным прыкладзе прысутным паказалі, што можа з імі адбыцца, калі не пачаць выпраўляцца", ― апісала падзеі афіцыйная прадстаўніца Першамайскага РУУС Мінска Кацярына Дабравольская.
У той жа дзень быў апублікаваны дадатак да абвесткі, дзе гаварылася, што частка інфармацыі не адпавядае рэчаіснасці. Аднак было ўжо позна: на “паказальны” працэс звярнуў увагу Вярхоўны суд Беларусі. Яго прэс-сакратарка Юлія Ляскова пацвярджае, што пасяджэнне з удзелам 11-гадовага падлетка праводзілася, аднак абвяргае, што ў судовай зале прысутнічалі непаўналетнія гледачы.
Адна з галоўных заўваг: суд не быў публічным і паказальным. На працэсе прысутнічалі толькі прадстаўнікі бакоў. Непаўналетніх гледачоў там не было.
“Няпоўнасць нататкі ў тым, што РУУС Першамайскага раёна не пазначылі, што справа была грамадзянскай, а не адміністрацыйнай ці крымінальнай”, ― тлумачыць прэс-сакратарка Вярхоўнага суду Юлія Ляскова.
Паколькі хлопцу 11 гадоў і ён не дасягнуў ўзросту крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, раней камісія па справах непаўналетніх прыцягвала да адказнасці яго маці ― па артыкуле "Невыкананне абавязкі па выхаванні дзяцей". Але гэта не мела ніякага эфекту.
У выніку 11-гадовага хлопчыка на два гады адправілі ў спецыяльную навучальна-выхаваўчую ўстанову.
Як вы лічыце, ці варта было б “цяжкім” падлеткам папрысутнічаць на такім працэсе? Давайце абмяркуем гэта ніжэй у каментарыях.