Музей гісторыі ВАВ: Пакінуць фотакопіі партрэтаў – наш пракол, канечне

Мінчукі заўважылі, што на былым будынку музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які дэмантуюць другі месяц, дагэтуль вісяць партрэты ветэранаў вайны. 

У панядзелак раніцай партрэтаў на сценах ужо няма – засталіся толькі светлыя плямы на месцы, дзе партрэты віселі.

Будаўнік Зміцер не ведае ні пра якія партрэты і дзе яны знаходзяцца зараз.

“Мы тут палі забіваем, а дэмантаж праводзіць зусім іншая арганізацыя”, – раіць звярнуцца да будаўнічага ўпраўлення № 5 “Будтрэста № 1”, якое дэмантуе будынак.

Нагадаем, будынак былога музея на Кастрычніцкай плошчы з’яўляўся гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння. Яго дэмантаж пачаўся ў канцы жніўня гэтага года. Сама экспазіцыя перабралася ў новы будынак на праспекце Пераможцаў.

Партрэты знайшліся ў вагончыку, дзе размясціўся прараб. Еўрарадыё знайшло партрэты ветэранаў на падлозе – зверху ляжаць партрэты, падпісаныя “Марчанка” і “Малевіч”. Як даведалася Еўрарадыё, Уладзімір Марчанка і Аляксандр Малевіч былі поўнымі кавалерамі Ордэна Славы. 

Прараб Павел Трушко кажа Еўрарадыё, што пра партрэты на сценах у кіраўніцтва музея яны пыталіся.

“Я дэмантую будынак, і ў мяне ў каштарысе нідзе не напісана, што павінен здымаць нейкія партрэты. Чыста па-чалавечы мы задавалі пытанне, што за партрэты. Але нам сказалі, што гэта копіі партрэтаў. Я так разумею, тое, што для музея было каштоўным, яны забралі, а гэта не палічылі патрэбным зняць, - кажа прараб. У яго пастаянна трашчыць тэлефон. – Вось сёння прыедуць забіраць з музея, бо падняўся кіпіш”.

Галоўны зберагальнік фондаў музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Святлана Патупчык прызнае, што пакінуць копіі партрэтаў – было памылкай.

“Гэта копіі, яны не маюць ніякай гістарычнай каштоўнасці. Нам было так цяжка сабраць 144 тысячы арыгінальных прадметаў – сабраць, і перавезці, і пералічыць, што на копіі мы не звярнулі ўвагі. Гэтыя партрэты – яны нават не могуць зберагацца ў фондах, бо тут толькі арыгіналы захоўваюцца. Але з маральнага пункту погляду – гэта наш пракол. Мы, канечне, павінны былі іх забраць – хаця б у скрыню нейкую скласці”.

Як патлумачыў дырэктар музея Мікалай Скобелеў, зараз у музеі зроблены новыя фотакопіі, а тыя, што віселі на сцяне, утылізуюць.

“Мы даўно зрабілі новыя фотакопіі партрэтаў – арыгінальныя партрэты ўсе захоўваюцца ў фондах. А гэтыя даўно выгаралі, і таму мы іх утылізуем”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі