Фота: мужчына пагражае скочыць з вежавага крана на стадыёне "Дынама" ў Мінску
28 красавіка каля 14-й гадзіны ў Мінску на стадыёне "Дынама", дзе ідзе рэканструкцыя, невядомы мужчына залез на вежавы кран. Каля стадыёна стаяць аўтамабілі ратавальнікаў і хуткай.
Звесткі пра мужчыну, які забраўся на кран, у каментары Еўрарадыё пацвердзіў прэс-сакратар Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі. Праўда, супрацоўнікі МНС пакуль не ведаюць, чаму мужчына апынуўся наверсе.
Рабочыя, якія працуюць на рэканструкцыі стадыёна "Дынама", паведамляюць, што мужчына, які забраўся на кран, прыехаў з Віцебскай вобласці. Па іх словах, ён патрабуе выплаціць заробак.
Да стадыёна "Дынама" прыбыла вялікая колькасць супрацоўнікаў міліцыі. Яны забараняюць журналістам весці здымкі здарэння. Пад забарону трапілі ў тым ліку і журналісты тэлеканала АНТ, якія прыехалі да стадыёна. Міліцыянты спярша забралі пашпарты ў журналістаў, аднак потым вярнулі дакументы.
***
Прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі паведаміў у сацыяльных сетках, што мужчына, які забраўся на кран на стадыёне "Дынама", 25-гадовы жыхар Віцебска, аддзелачнік. Паводле папярэдняй інфармацыі, у Віцебску з ім не разлічыліся за працу, таму ён такім чынам вырашыў запатрабаваць кампенсацыю.
Міліцыя паведамляе, што з ім цяпер вядуцца перамовы.
Паводле інфармацыі, якую атрымала Еўрарадыё, мужчыну клічуць Дзмітрыем. Ён прыехаў на мінскі чыгуначны вакзал 28 красавіка і прыйшоў на стадыён. Там ён размаўляў з кранаўшчыком, які пакінуў яму і свой мабільны тэлефон. Праз гэты тэлефон з ім цяпер вядуцца перамовы.
Мужчына паведаміў, што працуе на адкрытым акцыянерным таварыстве і паўгода не атрымоўвае заробак. Нібыта, ён звяртаўся ў розныя інстанцыі, але нідзе не змог дамагчыся забеспячэння сваіх правоў. Таму і наважыўся на такі крок.
***
У 15.45 з крана спусціўся кранаўшчык.
***
На стадыёне "Дынама" кранаўшчык, які ўвесь гэты час знаходзіўся побач з пратэстоўцам, спусціўся наніз. Ён меў пры сабе шмат папераў, якія перадаў сілавікам. Мяркуецца, што гэта нейкія патрабаванні пратэстоўца альбо дакументы.
Прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі паведаміў журналістам, што мужчыну не выплацілі некалькі дзясяткаў мільёнаў рублёў.
Нагадаем, што 25-гадовы аддзелачнік з Віцебска прыехаў у Мінск, забраўся на вежавы кран на мінскім стадыёне "Дынама". Ён патрабуе выплаты заробку. Паводле непацверджанай інфармацыі, мужчыну клічуць Дзмітрыем. На прадпрыемстве яму, нібыта, не выплочвалі заробак паўгода.
***
Каля 17-й гадзіны на тэрыторыю стадыёна "Дынама" праваахоўнікі пусцілі здымачную групу тэлеканала АНТ. Паведамляецца, што мужчына сам папрасіў, каб з ім гаварылі журналісты менавіта гэтага тэлеканала.
Сам ён чакае, пакуль яму ператэлефанавалі з былога месца працы, дзе яму завінаваціліся заробак. Раней паведамлялася, што прадпрыемства не плаціла заробак паўгода і запазычанасць склала некалькі дзясяткаў мільёнаў рублёў.
Па словах прэс-сакратара мінскай міліцыі Аляксандра Ластоўскага, пакуль складана сказаць, якая адказнасць можа чакаць мужчыну. Як мінімум, на яго могуць адміністратыўны пратакол за хуліганства. Аднак не выключана, што яго можа чакаць і крымінальная адказнасць.
***
Мужчына на стадыёне "Дынама" выставіў новае патрабаванне: ён хоча, каб ад тэрыторыі адвялі міліцыю.
Каля 18.10 мужчына пачаў спускацца з крана.
***
На стадыёне "Дынама" людзі ў працоўнай вопратцы і ў касках затрымалі мужчыну, які залазіў на вежавы кран і патрабаваў выплаты заробку. Яго пасадзілі ў мікрааўтобус і павезлі са стадыёна.
Перад гэтым мужчына патрабаваў здымачную групу тэлеканала АНТ, каб паведаміць свае прэтэнзіі ў жывым эфіры.
Паведамляецца, што чалавека, які забраўся на кран на стадыёне, клічуць Дзмітрыем Сталяровым.