Музыку, які 10-ы дзень трымае сухую галадоўку, суд не выпусціў з-пад варты

Музыку, які 10-ы дзень трымае сухую галадоўку, суд не выпусціў з-пад варты

У Гродне працягнуўся суд над рок-музыкам Ігарам Банцарам, які дзясяты дзень трымае сухую галадоўку ў СІЗА. 

Як перадае "Радыё Свабода", Банцар выглядае моцна схуднелым і бледным, аднак увесь час рухаецца, стаіць з паднятымі рукамі ў кайданках. Фатаграфаваць яго прысутным забаранілі. 

Банцар заявіў хадайніцтва, каб яго выпусцілі з-пад варты. "Я сядзеў на Валадарцы з хворымі, забойцамі. Мяне часта блытаюць з імі. Я не такі, як яны. Я зорка рок-н-ролу. Я выправіўся і гатовы гэта даказаць", — заявіў Банцар.

Аднак судзьдзя не выпусціла Банцара з-пад варты, "каб не схаваўся ад пераследу".

У адказ рок-музыка пракрычаў: "Да панядзелка я дацягну, а далей не ведаю"

На пасяджэнне 12 сакавіка не прыйшоў сведка, якога прасіў дапытаць Банцар. Таму ў судзе абвясцілі перапынак да 18 сакавіка — для паўторнага выкліку сведкі.

Банцара судзяць за тое, што 5 верасня дэманстраваў палавыя органы перад міліцыянтамі: ён распрануўся каля міліцэйскай машыны. Сам рокер кажа, што гэта быў перформанс з танцам, падчас якога ён зняў шорты, але заставаўся ў стрынгах, а спераду яго прыкрывала паясная торбачка. 

Музыку пагражае да трох гадоў калоніі. 

Банцар прымаў удзел у акцыях пратэсту. Пад вартай яго трымаюць з 20 кастрычніка 2020 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі