МВФ: Аднаўленне беларускай эканомікі пачнецца не раней за 2018 год
Эканоміка Беларусі пачне абмежаванае аднаўленне не раней за 2018 год. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе МВФ пасля кансультацыяў з Беларуссю.
"Чакаецца далейшае скарачэнне эканомікі ў бягучым і наступным гадах, што тлумачыцца ўсё яшчэ слабымі балансамі і структурнымі перашкодамі. Чакаецца, што абмежаванае аднаўленне эканомікі пачнецца ў 2018 годзе, у той час як у сярэднетэрміновай перспектыве патэнцыйны тэмп росту падвысіцца прыблізна толькі да 1,75% ", — цытуе БЕЛТА заяву фонду.
МВФ прагназуе, што за некалькі наступных гадоў інфляцыя ў Беларусі будзе паступова зніжацца і апусціцца крыху ніжэй за 10%.
У прэс-рэлізе МВФ падкрэсліваецца, што жорсткая падаткова-бюджэтная і грашова-крэдытная палітыка, якую беларускія ўлады праводзяць у 2015-2016 гадах, спрыяла макраэканамічнай стабілізацыі. Абменны курс цяпер стабілізаваўся, а спрэды па міжнародных аблігацыях скараціліся. МВФ канстатуе, што валютныя рэзервы нашай краіны стабілізаваліся пасля пераходу да больш гнуткага рэжыму абменнага курсу, а ў апошнія месяцы нават пачалі расці.
Выканаўчы савет МВФ завяршыў кансультацыі ў адпаведнасці з Артыкулам IV з Беларуссю 2 верасня 2016 года. Падобныя двухбаковыя абмеркаванні ладзяцца кожны год.