Мы не будзем друкаваць жыроўкі, пакуль не даведаемся, што нам рабіць
Пачынаючы з 10 чысла кожнага месяца беларусы звычайна атрымліваюць квітанцыі на аплату камунальных паслуг. Але дагэтуль не вядома, па якіх тарыфах будуць разлічаныя “жыроўкі”. Увесь мінулы тыдзень супрацоўнікі Савета міністраў, Адміністрацыі прэзідэнта і Камітэта дзяржкантролю, якім яшчэ напрыканцы лютага Аляксандр Лукашэнка даручыў распрацаваць новыя тарыфы, на ўсе пытанні адказвалі, што не валодаюць інфармацыяй. Еўрарадыё цікавіцца, ці валодаюць інфармацыяй у Адзіным разлікова-даведкавым цэнтры г. Мінска, які быў створаны для “каардынацыі дзейнасці Разлікова-даведкавых цэнтраў з мэтай атрымання насельніцтвам якасных паслуг і своечасовага іх аказання”.
“У адпаведнасці з пастанаўленнем Савета міністраў, жыроўкі мусяць прыйсці да 15 чысла. Вось 15-га вы іх і атрымаеце”, — кажа намеснік дырэктара адзінага разліковага цэнтра Анатоль Глухоўскі. А далей адбываецца дыялог глухога з нямым.
Еўрарадыё: Атрымаем 15-га!? Добра! А па якіх тарыфах тады?
Анатоль Глухоўскі: Па тых, якія будуць зацверджаныя на гэтым этапе, ці не будуць зацверджаныя…
Еўрарадыё: То бок новыя тарыфы ёсць? Вы чакаеце іх зацвярджэння? Ці ўсё ж будуць мінулыя тарыфы?
Анатоль Глухоўскі: Я вам пакуль нічога не магу на гэта адказаць.
Еўрарадыё: Ну у вас хаця б ёсць інфармацыя, ці разглядаюцца яны?
Анатоль Глухоўскі: Гэта не да нас пытанне! Не мы ж іх разглядаем!
Еўрарадыё: Гэта я разумею, але вы ж будзеце па іх лічыць! То бок вы чакаеце новых тарыфаў, таму пакуль не лічыце?
Анатоль Глухоўскі: Мы кіруемся дзеючым заканадаўствам. Тое, што маем.
Еўрарадыё: Вы ж не кожны месяц атрымліваеце паперу, дзе зацверджаныя тарыфы, правільна? А адпаведна, калі цяпер вы чакаеце, то будуць новыя тарыфы?
Анатоль Глухоўскі: Мы працуем абапіраючыся на дзеючае заканадаўства. Па той нарматыўнай базе, якую маем.
Далейшая размова падаецца бессэнсоўнай. Таму з такім жа пытаннем Еўрарадыё звяртаецца ў Дзяржаўнае аб’яднанне “Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка”.
“Пакуль не ведаем, чакаем выхаду ўказа прэзідэнта", — кажа намеснік генеральнага дырэктара па эканамічных пытаннях Юлія Сагайдак.
Еўрарадыё: То бок нейкія тарыфы яму ўжо падалі на разгляд?
Юлія Сагайдак: Варыянты, напэўна ёсць, але я не ведаю, дакладна сказаць не магу.
Еўрарадыё: Проста ўжо заўтра павінны пачаць прыходзіць жыроўкі…
Юлія Сагайдак: Яны не прыйдуць яшчэ. Мы не будзем іх друкаваць, пакуль не даведаемся, што нам рабіць. Мы чакаем прыняцця рашэння.
Еўрарадыё: То бок вам нават не паведамляюць, ці ідзе там нейкі працэс!?
Юлія Сагайдак: Ну, гэта ж урад, а мы дробная арганізацыя…
Пакуль Еўарарадыё спрабуе выцягнуць хоць нейкую інфармацыю з чыноўнікаў, у рэдакцыю прыходзіць адказ на пісьмовы запыт з Міністэрства эканомікі.
“У цяперашні час пытанні тарыфнай палітыкі на 2016 год па жыллёва-камунальных паслугах, якія аказваюцца насельніцтву, разглядаюцца на ўзроўні Урада”, — паведамляецца ў лісце Мінэканомікі. — За 2015 год узровень аплаты жыллёва-камунальных паслуг насельніцтвам, які разлічаны для двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 м2 пры нарматыўным ужыванні гэтых паслуг сям’ёй з трох чалавек, склаў 30,5%”.
Нагадаем, 22 лютага Аляксандр Лукашэнка выказаў рэзкае абурэнне з нагоды новых тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, якія былі ўсталяваныя з новага года. Кіраўнік краіны загадаў да 1 сакавіка падаць яму на разгляд новыя тарыфы. Але дагэтуль ніякай інфармацыі пра чарговыя змены ў жыроўках так і не з’явілася.
Фота: newsvm.com