"Мы прытаміліся". У Мінску прадаюць легендарны клуб "Графіці"
graffiti.by
Гэтым летам легендарнаму мінскаму клубу "Графіці" спаўняецца 20 гадоў. Кіраўніцтва рыхтуецца да святочнага фестывалю, а паралельна выстаўляе ўстанову на продаж. Ці азначае гэта, што сталіца пазбавіцца чарговага "намоленага" месца?
"Усё проста, — тлумачыць кіраўнік клуба Нік Маторын. — Шукаем маладых хлопцаў, якія б працягнулі гісторыю клуба, як гэта ў свой час, 12 гадоў таму, зрабілі мы. Нам жа хочацца рухацца далей і займацца іншымі праектамі. Мы прытаміліся. Тэмперамент патрабуе чагосьці іншага".
"Нам бы хацелася, каб "Графіці" заставаўся "Графіці"
Ці не баіцца дырэктар, што з "Графіці" зробяць стандартную кавярню, якіх і так поўна ў Мінску? Падобная доля спасцігла, напрыклад, бар "Лондан" на праспекце Незалежнасці.
Нік Маторын распавядае, што на працягу 12 гадоў, з таго часу, як ён сам стаў кіраваць "Графіці", перакупіць клуб спрабавалі неаднаразова.
"Прыходзяць новыя людзі, загараюцца ідэяй, і думаюць, што будзе ўсё проста, — кажа кіраўнік. — Потым, усвядоміўшы, як ідуць справы насамрэч, робяць высновы і знікаюць. Асноўная наша задача — знайсці талковых людзей, якія будуць разумець, што шматгадовы бізнес — гэта не цацка, маўляў, пагуляліся, і паехалі далей. Нам бы хацелася, каб "Графіці" заставаўся "Графіці", куды людзі змогуць працягваць хадзіць, як сёння, як і 20 гадоў таму".
"Графіці" не зачыняецца, але яму патрэбны новы дух
Нік Маторын спадзяецца, што клуб перакупіць "хто-небудзь з блізкіх" — той, хто разумее яго настрой, але зможа ўдыхнуць ва ўстанову новы дух. У першы час пасля продажу цяперашняе кіраўніцтва клуба будзе сачыць за тым, каб "Графіці" не сапсавалі. Развітаўшыся са старым бізнесам, Маторын збіраецца заняцца новым, на большай пляцоўцы.
"Мы займаемся рознай музыкай, праводзім канцэрты і вечарыны, арыентаваныя на беларусаў. Некаторыя калектывы, якія выступалі ў нас, ужо даўно збіраюць вялікія залы накшталт Палаца спорту", — тлумачыць кіраўнік.
Кіраўніцтва "Графіці" мяркуе, што пошук годнага ўладальніка зойме шмат часу, таму аб'явіць аб рашэнні вырашылі крыху раней.
"У апошнія два дні нам абрываюць тэлефоны, маўляў, вы што, зачыняецеся? Не, мы як працавалі, так і працуем — графік мерапрыемстваў забіты. Цяперашнім летам будзем святкаваць 20-годдзе клуба традыцыйным фестывалем "Пікнік". Закрывацца не збіраемся. Мы будзем рады, калі знойдзем людзей, якія прымуць эстафету яшчэ як мінімум на гадоў дзесяць".