"Мы ў акружэнні!" Чыноўнікі і простыя жыхары Асіповіч пра гасцей з ПВК "Вагнер"
Да вайскоўцаў у Асіповічах прывыклі, але ўсё роўна страшна / dvidshub.net
Меркаванае размяшчэнне лагераў вагнераўцаў у Асіповіцкім раёне стала самай гарачай тэмай на гэтым тыдні. Паводле папярэдняй інфармацыі, байцоў могуць размясціць на ўскраіне самога райцэнтра і ў закінутай вайсковай частцы вёскі Цэль. Пра тое, што там вядуцца нейкія работы, паведамляюць нашы чытачы і пацвярджаюць здымкі, зробленыя са спадарожнікаў.
Ці гатовыя жыхары раёна да гасцей з вайсковай расійскай групоўкі, прызнанай у некаторых краінах свету тэрарыстычнай? Ці не страшна ім і, самае галоўнае, што на гэты конт кажуць прадстаўнікі мясцовых уладаў?
Чытаем, як адказалі на гэтыя пытанні суразмоўцы Еўрарадыё.
У аддзел унутраных спраў Асіповіцкага райвыканкама тэлефануем ад імя жыхаркі раёна, якая прачытала ў СМІ пра магчымае прыбыццё вагнераўцаў і вельмі спалохалася.
Начальнік Віктар Архіпенка відавочна не ў гуморы:
— Хто вы наогул такая? Што я вам павінен казаць? Што яшчэ хочацца ведаць? Хочаце даведацца, колькі людзей у мяне служыць? Хочаце даведацца, якая ў мяне ўзброенасць? Яшчэ што хочаце?
Пад канец размовы суразмоўца паведамляе, што гатовы пагутарыць у прыёмны дзень (панядзелак) у сябе ў кабінеце. Так што, дарагія жыхары раёна, калі вам і праўда хочацца ведаць, як зменіцца ваша жыццё ў недалёкай будучыні, можаце скарыстацца гэтым запрашэннем, але не забудзьцеся прыхапіць з сабой заспакаяльнікі.
— Ці ёсць сэнс звяртацца ў іншыя аддзелы ведамства?
— Я ўпэўнены, што такой інфармацыяй ніхто не валодае, — адказвае кіраўнік справамі райвыканкама Юрый Данянкоў. — Мы працуем у штатным рэжыме, выконваем свае функцыі. Я вам шчыра кажу, што такой інфармацыі няма. А што, хіба ёсць перадумовы? Мы ж бачым, што ў раёне ўсё спакойна. Ніякіх хістанняў няма. Усё ідзе ў штатным рэжыме, як і было.
Тым часам у адным з лясніцтваў кажуць: работнікам паведамілі, што "прыбудуць вайскоўцы".
— Нам сказалі. У Цэлі, быццам, дакладна будуць, можа, яшчэ ў Пратасевічах.
— А вам не страшна?
— Я далёка не зазіраю, пакуль не ведаю.
— Ці мала, пойдзеш кудысьці ў лес пагуляць, а там вагнераўцы!
— Не хадзіце... Ну так, трохі страшна, вядома, таму што, як кажуць, што там нейкія найміты. Будзем глядзець.
У іншае лясніцтва тэлефануем ад асобы мясцовага барацьбіта за экалогію.
— Іх дакладна не будзе ў лесе? Яны ж лес зас*уць!
— Не ведаю нічога і гэткай інфармацыі вам даць не магу.
А што кажуць у саміх Асіповічах?
У цэнтральнай раённай бальніцы нічога пра байцоў не чулі.
— Не, мы не ў курсе. Ды і чаго нам паведамляць? Хто мы такія? — сумна ўсміхаюцца ў адміністрацыі.
— Не баіцеся, што ў выпадку чаго пацыентаў стане больш?
— Пакуль складана сказаць.
Пасля 2020 года легенды пра смелых беларусак, якія выходзілі на жаночыя маршы і зрывалі з азвярэлых амапаўцаў маскі, патрабуючы вызваліць палітвязняў, распаўзліся па ўсім свеце. Але ці будзем мы адчуваць сябе ў поўнай бяспецы, калі рускіх вайскоўцаў на нашых вуліцах стане больш? Тым больш, калі гэтыя вайскоўцы з ПВК "Вагнер"?
— У нас усё жыццё страшнае, — адказвае жыхарка Асіповіч Алена (імя змененае).
— У некаторых краінах свету гэтая арганізацыя прызнаная тэрарыстычнай. Як вы паставіцеся, калі яе байцы будуць жыць побач з вамі?
— Як можна ставіцца, калі такая жахлівая атмасфера? Усе людзі пад страхам.
— Вам ужо абвясцілі пра вагнераўцаў?
— Ніхто нічога не абвяшчаў.
— Вы жывяце недалёка ад вайсковай часткі? Не бачылі, працы не вядуцца?
— А вы журналістка з расійскага ці нашага выдання?
— Нашага.
— Гэта добра... Не, я так думаю што гэта Паўднёвы гарадок. Мы жывем далёка ад гэтага месца.
— Зразумела.
— Мы ўсе баімся, не толькі я. Усе баяцца, вядома. Усё ідзе... увогуле кашмар. Усе пад страхам жывем. Просім бога, каб толькі ў нас быў мір. Гэта самае галоўнае.
— Ёсць асцярога, што Беларусь яшчэ больш уцягнуць ў вайну?
— Ох... так, — у трубцы чуюцца вельмі цяжкія ўздыхі і ўсхліпванне. Падаецца, суразмоўніца пачала плакаць.
Як зменшыць стрэс ад чытання навін? Глядзіце карткі з простымі парадамі ў інстаграме
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.