Мядзведзеў: беларускім сябрам перадалі прапановы па інтэграцыі, яны думаюць
Інтэграцыя Расіі і Беларусі павінна быць больш важкай, заявіў расійскі прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў падчас справаздачы ўраду перад Дзярждумай РФ. Паводле яго слоў, менавіта пра гэта цяпер і ідуць перамовы.
"Беларускім сябрам перададзены нашы прапановы па інтэграцыі, — цытуе словы Мядзведзева ria.ru. — Яны вызначаюцца, што для іх з'яўляецца прыймальным, што менш прыймальным".
Што гэта за прапановы, расійскі прэм'ер не стаў удакладняць. Ён адзначыў, што Расія хоча развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю, але яно мусіць быць "у канчатковым выніку ўзаемавыгадным". Па словах Дзмітрыя Мядзведзева, ён гэта неаднаразова абмяркоўваў з беларускім калегам, пра гэта ж гаварылі і Аляксандр Лукашэнка ды Уладзімір Пуцін. "Гэтыя дыскусіі, гэтыя перамовы будуць працягнуты па ўсіх пытаннях", — сказаў Мядзведзеў.
У Дзярждуме адбыўся цікавы эпізод. Пытанне Дзмітрыю Мядзведзеву задаў дэпутат партыі "Радзіма" Аляксей Жураўлёў. Паводле яго слоў, у прэзентацыі Мінпрамгандлю Расіі не пазначана, што на тэрыторыю Беларусі будуць распаўсюджвацца меры дзяржаўнай падтрымкі экспарту айчынных таваравытворцаў. Расійскі прэм'ер паабяцаў пакараць у Мінпрамгандлі ўсіх адказных за "няправільнае выкладанне сутнасці... эканамічнай палітыкі".
Чакаецца, што ў бліжэйшую пятніцу Аляксандр Лукашэнка выступіць з пасланнем да беларускага народу і парламента. Магчыма, ён пракаментуе прапановы, атрыманыя з Масквы.