Мясніковіча і Пуціна заклікалі адмовіцца ад будаўніцтва АЭС

"Мы накіравалі зварот у Белы дом і яго там прынялі, не сам Пуцін, але людзі, якія адказныя за працу са зваротамі. Напэўна, наўрад ці Пуцін дасць каму-небудзь даручэнне разабрацца ў сітуацыі, ці адмяніць праект, але важна, каб эколагі працягвалі даносіць сваю пазіцыю да грамадства, настойваць на ёй і паўтараць усе аргументы. Сёння адна ўлада, а заўтра нешта можа змяніцца і, магчыма, на гэтых зменах можна будзе неяк згуляць", – кажа Уладзімір Сліўняк, сустаршыня групы "Экозащита!".

Нагадаем, 20 студзеня у Маскве сустрэліся прэм'еры Беларусі і Расіі Міхаіл Мясніковіч і Уладзімір Пуцін. На сустрэчы сярод іншага мусіла абмяркоўвацца пытанне будаўніцтва астравецкай АЭС. У Беларусі плануюць пабудаваць два рэактары тыпу ВВЭР-1200, гэтыя рэактары новыя і яшчэ нідзе не выпрабаваныя. Прыблізны кошт такога праекта ацэньваецца ў больш чым 9 мільярдаў долараў.

У сваім звароце арганізацыі "Экозащита!" і беларускія "Экадом", Партыя "Зялёныя" звяртаюць увагу на тое, што рашэнне пра будаўніцтва АЭС было прынята недэмакратычным шляхам.

Але эколаг Уладзімір Сліўняк лічыць, што будаўніцтву АЭС таксама могуць перашкодзіць эканамічныя праблемы.

"Зараз, напрыклад, у дзяржкарпарацыі “Росатам” іх уласнымі намаганнямі створана даволі вялікая колькасць дамоў з рознымі краінамі па развіцці атамнай энергетыкі. І абсалютна відавочна, што на ўсе гэтыя дамовы грошаў не хопіць. І больш за тое, узнікаюць новыя вельмі дарагія ідэі ў расійскім урадзе, на якія таксама патрэбныя будуць грошы. І гэтыя грошы дзесьці трэба будзе браць. Так што не варта губляць надзею. Я лічу, што цалкам верагодна, сітуацыя, калі на працягу некалькі гадоў на праект Астравецкай АЭС проста не будзе грошай ні ў каго".

Таксама многія незалежныя экспертызы, у тым ліку адна па замове мінэкалогіі Літвы, а другая аўстрыйская, далі негатыўную ацэнку праекту беларускай АЭС. Таму эколагі лічаць, што Расія не павінна фінансаваць “небяспечны і непатрэбны праект”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі