"Мясное — афіцэрам, напоі — сяржантам". Суд над камандзірамі роты ў Печах
Пацярпелыя па "справе палкі і ягадзіц". Фота: Еўрарадыё
Мінскі абласны суд працягвае разглядаць справу старэйшага лейтэнанта Паўла Сукавенкі і прапаршчыка Артура Вірбала. Першы камандаваў ротай, у якой служыў загінулы восенню 2017 года пінчук Аляксандр Коржыч, другі быў у гэтай роце старшыной.
Следчы камітэт лічыць, што дзеянні Сукавенкі і Вірбала хоць і былі злачыннымі, але не сталі прычынай самагубства Коржыча. Іх справа была вылучана ў асобную вытворчасць і будзе разглядацца асобна ад "справы Коржыча", у разглядзе якой цяпер абвешчаны перапынак. Больш за тое: на першым паседжэнні, якое адбылося 1 кастрычніка, высветлілася, што Святлана Коржыч — маці загінулага радавога — не праходзіць па справе Сукавенкі і Вірбала пацярпелай.
Пацярпелымі па гэтай справе прызнаныя сямёра вайскоўцаў тэрміновай службы. Гэта сяржанты, абвінавачаныя па "справе Коржыча": Бараноўскі, Вяжэвіч і Скуратовіч — а таксама Брыцікаў, Берднік, Субоцкі і Шулякоўскі.
На першым паседжанні 1 кастрычніка было зачытана абвінавачванне старлею і прапаршчыку, а таксама пачаўся допыт пацярпелых.
Вайскоўцам выстаўлены абвінавачанні па частках 1 і 2 артыкула 455 Крымінальнага кодэкса — злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, бяздзейнасць улады і перавышэнне ўлады з прымяненнем гвалту. Першапачаткова крымінальныя справы супраць іх заводзілі па іншых артыкулах.