МЗС Беларусі не даў дакладнага адказу, ці прызнае далучэнне Крыма да Расіі
Як не было адказу і на пытанне Еўрарадыё, ці прызнае Беларусь вынікі крымскага рэферэндуму.
На брыфінгу кіраўніка прэс-службы МЗС Дзмітрыя Мірончыка Еўрарадыё папрасіла ўдакладніць пазіцыю беларускага боку па “крымскім пытанні”. Маўляў, у заяве МЗС Беларусі сказана, што наша краіна “выступае супраць аднабаковага, небесстаронняга тлумачэння прынцыпаў міжнароднага права на карысць геапалітычным інтарэсам, спроб заявіць пра ўнікальнасць адных міжнародных сітуацый і тэрыторый і ігнараваць іншыя”. Карэспандэнт Еўрарадыё папрасіў Дзмітрыя Мірончыка патлумачыць, ці азначае гэтая фармулёўка, што наша краіна не прызнае факту далучэння Крыма да Расіі.
Мірончык: “Пазіцыя Рэспублікі Беларусь датычна ўзнятых вамі пытанняў вычарпальна выкладзеная ў адпаведнай заяве Міністэрства замежных спраў. Вы можаце азнаёміцца з яе зместам. А ўсё, што тычыцца яе трактовак, — гэта ўжо рабіць вам”.
Нагадаем, 16 сакавіка ў Крыме прайшоў рэферэндум. Згодна з афіцыйнымі звесткамі, большасць яго ўдзельнікаў выказалася за далучэнне аўтаномнай рэспублікі да Расіі. На наступны дзень Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб далучэнні Крыма да Расійскай Федэрацыі. Большасць краін свету не прызналі як вынікі крымскага рэферэндуму, так і яго далучэнне да Расіі.