МЗС Літвы прапануе пашырыць абмежаванні для беларусаў

Вільнюс 

Вільнюс  / pixabay.com

Міністэрства замежных спраў (МЗС) Літвы прапануе падоўжыць яшчэ на год дзеючыя абмежаванні для грамадзян Беларусі і Расіі. Устаноўленыя абмежаванні дзейнічаюць да мая. Акрамя таго, у МЗС краіны прапануюць узмацніць патрабаванні да беларусаў. Пра гэта расказвае рэсурс LTR.

У суправаджальным лісце МЗС гаворыцца, што літоўскія спецслужбы паведамляюць аб узрослай актыўнасці спецслужбаў Беларусі, якія выкарыстоўваюць сваіх грамадзян у Літве ў якасці прыкрыцця сваёй дзейнасці. Гэтая інфармацыя і стала падставай для прапановы ўвесці дадатковыя абмежаванні для беларусаў.

У прыватнасці, у адносінах да грамадзян РБ, якія ўязджаюць у Літву па шэнгенскай візе, прапануецца праводзіць "дадатковую ацэнку рызыкі". Будзе ацэнвацца, якую пагрозу прыезд канкрэтнага грамадзяніна нясе "для грамадскага парадку, унутранай бяспекі, здароўя насельніцтва ці міжнародных адносін". Пагранічнікі таксама атрымаюць права прымаць рашэнне аб дадатковай праверцы беларусаў у пунктах пропуску. Для расіян такія праверкі ўжо праводзяцца.

Некаторыя выключэнні прадугледжаны для членаў сем'яў грамадзян Літвы і краін ЕС, членаў экіпажаў міжнародных судоў, а таксама для тых, хто ўязджае ў краіну на гуманітарных падставах.

Закон аб абмежавальных мерах у дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі літоўскі Сейм прыняў у мінулым годзе. Але для беларусаў было ўведзена менш абмежаванняў. Аднак спрэчкі аб неабходнасці прыраўнаваць у гэтым пытанні беларусаў да расіянаў у Літве працягваюцца. За гэта выступае, у прыватнасці, прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа.  Але Сойм адхіліў ягонае вета на закон аб абмежаваннях, дэпутаты лічаць, што стаўленне да беларусаў павінна адрознівацца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі