МЗС: Задаць пытанне ўдзельнікам “мінскіх перамоваў” магчымасці не будзе

Сустрэча кантактнай групы па сітуацыі на Данбасе пройдзе 24 снежня ў Мінску. Дагэтуль невядома, ці будзе па выніку перамоваў выхад удзельнікаў да прэсы. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Мірончык: “Мы спадзяемся, што перамовы распачнуцца а 15-й гадзіне і месца правядзення перамоваў — рэзідэнцыя па вуліцы Фрунзе,15. Рэжым працы прэсы на дадзены момант выглядае наступным чынам: будзе магчымасць зняць, як пад’язджаюць удзельнікі перамоваў на гэтыя перамовы. Але магчымасці задаць ім пытанні ці зняць, як адбываецца пачатак перамоваў, гэтым разам не будзе. Калі па заканчэнні перамоваў яны вырашаць, што трэба арганізаваць выхад да прэсы, то мы, безумоўна, зробім усё, каб гэтае жаданне было рэалізаванае”.

Хто дакладна будзе прадстаўляць на перамовах афіцыйны Кіеў, у беларускім МЗС не ўдакладняюць. Па словах Мірончыка, яны не агучваюць спіс кантактнай групы — гэта заўжды рабілі самі перамоўшчыкі.

Сёння будуць абмеркаваныя пытанні адводу артылерыі і сродкаў залпавага агню на бяспечную адлегласць ад размежавальнай лініі, абмен палоннымі. Прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік "ДНР" і "ЛНР" будуць гаварыць пра спыненне эканамічнай блакады Данбаса і ўвядзенне ў дзеянне Украінай закона аб асаблівым статусе гэтага рэгіёна. Але афіцыйны Кіеў тэму асаблівага статусу Данбаса абмяркоўваць не збіраецца.

На здымку: Прыезд кіраўніка ўкраінскай дэлегацыі Леаніда Кучмы падчас адной з мінулых мінскіх сустрэч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі