На 6,6%: Беларусь павысіла тарыф на транзіт расійскай нафты
З 1 лютага Беларусь павысіла тарыфы на транзіт расійскай нафты па трубаправоду "Дружба" на 6,6%. Такое павышэнне адбылося згодна палажэнню №6 ад 28 студзеня Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, піша БЕЛТА.
"Памер павышэння тарыфаў вызначаны выключна ў адпаведнасці з патрабаваннямі Методыкі змены тарыфаў як сярэднегадавы індэкс спажывецкіх цэн, усталяваны параметрамі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Расійскай Федэрацыі на 2020 год у памеры 3,6%, павялічаны на 3 працэнтныя пункты", — паведамляе МАРТ.
Дагэтуль падчас перамоваў Мінска і Масквы па нафтавым пытанні расійскі бок не падтрымаў жаданне Беларусі павялічыць тарыф на 16,6%, які б утрымліваў і кампенсацыю стратаў прадпрыемства "Гомельтранснефть Дружба" за "брудную нафту". Тым не менш перамовы па кампенсацыі стратаў, атрыманых пры перапрацоўцы няякаснай расійскай нафты пакуль плёну не прынеслі.
Апроч таго Беларусь і Расія дагэтуль не дамовіліся пра дастаўкі расійскай нафты ў Беларусь. У студзені, пасля таго, як Расія спыніла пастаўкі нафты ў нашу краіну, беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы працавалі з мінімальнай загрузкай з трох крыніц: выкарыстоўвалі запасы сыравіны з 2019 года, 500 тысяч тон было атрымана ад кампаніі расійскага алігарха Міхаіла Гуцырыева "Сафмар" і напрыканцы месяца краіна закупіла невялікую колькасць нарвежскай нафты.
31 студзеня падчас сустрэчы прэм'ера Сяргея Румаса і Міхаіла Мішусціна была анансаваная сустрэча ў Маскве, на якой будзе вырашацца шэраг пытанняў, у тым ліку і нафтавае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.